Logo Polskiego Radia
Print

Песьні пра заморскія краіны ды цяжкі лёс парасяці

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.03.2012 16:00
  • Канцэрт пра заморскія краіны і цяжкі лёс вясковага парсючка.mp3
В. Шалкевіч: “Таварышы калгасьнікі, будзе вельмі цяжка, але трэба выседзець да канца”.

/

Беларускі бард Віктар Шалкевіч выступіў на вечарыне, якую варшаўскія беларусы зладзілі з нагоды Дня Волі. Публіка была проста ў захапленьні. На імпрэзе пабываў наш карэспандэнт Аляксандар Папко.

Першае каханьне, падарожжы ў экзатычныя краіны, жыцьцё мястэчка ў Заходняй Беларусі, нават нялёгкі лёс вясковага парасяці – пра ўсё гэта сьпяваў Віктар Шалкевіч на канцэрце ў варшаўскім клюбе Pracovnia. Ён літаральна закахаў у сябе публіку сваім аптымізмам, мудрай іроніяй, адкрытасьцю й хуліганствам. Тужлівых патрыятычных песень, якіх можна было спадзявацца на канцэрце з нагоды Дня Волі, не гучала. Справіцца з праблемамі людзям дапамагаюць якраз аптымізм і мудрасьць – перакананы Віктар Шалкевіч.

В. Шалкевіч: Пэсыміст бачыць на магілках толькі крыжы, а аптыміст толькі плюсы. Страшэннай аптымісткай была мая мама, а таксама мой прадзед Ян. Ведаеце, якая ў яго была любімая прымаўка? “Хочацца мне яшчэ з вамі пабыць, паглядзець, што тут далей будзе”. Вось з гэтага й трэба сыходзіць. Я стараюся берагчы сябе, не глядзець дзяржаўнага тэлебачаньня. Калі сумна, то самае лепшае выйсьце – паехаць у лес, паглядзець як скачуць зайцы, вавёркі... Трэба быць пазытыўным і пазытывам сваім дзяліцца зь людзьмі. Трэба быць нармальным чалавекам сярэдзіны, не баяцца сталець і не баяцца мудрэць.

Сьпявак распавядаў пра свае вандроўкі як па беларускіх гарадах і вёсках, так і ў заакіянскія краіны. А падарожжаў было нямала.

А якое з падарожжаў Віктар Шалкевіч лічыць самым экзатычным?

В. Шалкевіч: Маім самым экзатычным падарожжам была вандроўка не ў Дамінікану й не ў Англію, нават не ў Злучаныя штаты, а ў Грузію... Калі я прыляцеў туды, я зьдзівіўся. Усе стэрэатыпы пра грузінаў, якія нам стварылі, аказаліся няпраўдай. Усе езьдзяць на зялёнае сьвятло. На чырвонае - стаяць. Даюць рэшту да апошняй капеечкі. У ліфт зойдзеш – пакуль ня кінеш манэтку, ён не паедзе. Так што там не пасікаеш, прабачце. Калі я заблукаў, то вы б бачылі, як людзі мяне вадзілі, як стараліся дагадзіць! Калі на праспэкце Руставэлі да мяне падыйшла жабрачка й на ангельскай мове папрасіла грошы, я зразумеў, што ня ўсё ў гэтай краіне так дрэнна. Я проста закахаўся ў гэтую краіну! Тбілісі нечым прыпамінае нашыя Слонім ці Ваўкавыск, таму што там побач можна ўбачыць касьцёл, царкву, сінагогу, мячэць. Каб вы бачылі, як грузіны на сьвяты ходзяць па царкве, размаўляюць па мабільніку й адначасова прыкладаюцца да абразоў! Гэта проста класна!

Любімыя песьні й творы – гэта да чаго ляжыць сэрца ў дадзены момант, лічыць Віктар Шалкевіч. Ён ня толькі сьпявак, але й актор, і нават літаратар. Галоўнае для творцы – гэта не ўпадаць у рутыну – кажа Віктар Шалкевіч .

В. Шалкевіч: Творчасьць вядзе чалавека спачатку ў адзін бок, пасьля - ў іншы. Я нядаўна скончыў кнігу “Рэквіэм па непатрэбных рэчах” . Зараз напісаў новую кніжку, якая называецца “Мястэчка Г. і ваколіцы”. Г. – гэта Горадня, каб было цікавей. Я ня ведаю, чым я займуся ў бліжэйшы час. Галоўнае – гэта пазьбегнуць рутыны, стаць пузатым рэжысэрам ці самаўпэўненым халёным журналістам. Творчага чалавека павінныя карміць рукі й галава. Галоўнае – займацца тым, што табе цікава.

Аднак у Дзень Волі, нельга пазьбегнуць і сур’ёзных пытаньняў. Што Віктар Шалкевіч мог бы пажадаць беларусам у гадавіну першай спробы атрымаць свабоду й незалежнасьць – мары, якая да канца не рэалізаваная й сёньня?

В. Шалкевіч: Я паўтараю толькі адно слова, якое любіць паўтараць Мілінкевіч: “Трымайцеся!” Незалежнасьць упала нам зь неба, дасталася, як кажуць, на халяву. Мы не пралівалі за яе кроў, як палякі ў польска-бальшавіцкай вайне, не змагаліся за яе, як летувісы. Так што трэба будзе цярпець. Аднойчы падчас жніва старшыня калгасу сабраў ўсіх мэханізатараў і сказаў: “Таварышы калгасьнікі, да нас з канцэртам прыехалі артысты Белдзяржфілярмоніі. Я папярэджваю: будзе вельмі цяжка, але трэба выседзець да канца”. Так і ў нас. Будзе вельмі цяжка, але трэба датрываць да фіналу. І паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца.

Жыцьцё мае шмат бакоў, кажа Віктар Шалкевіч. Гэта ня толькі праца, палітыка, ці пагоня за грашыма. Простыя чалавечыя радасьці дапамагаюць людзям быць больш шчасьлівымі й пераносіць ўсе непрыемнасьці лёсу.

Аляксандар Папко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт