Чаму вучні ліцэяў адмаўляюцца ад заняткаў рэлігіі, хаця многія зь іх надалей дэкляруюць веру ў Бога?, - задумоўваецца „Gazeta Wyborcza”.
У прэстыжных школах вучні празьмерна абцяжараныя навукай. „Калі да заняткаў даходзіць нецікавы прадмет, то вучні, замест мучыцца 45 хілінаў, вырашаюць пайсьці ў більліятэку альбо дадому,” - лічыць Анна Шчэпаньска-Філіп, дырэктарка аднаго з варшаўскіх ліцэяў.
У сваю чаргу прафэсар Юзаф Баняк, сацыёляг рэлігіі з Унівэрсытэта імя Адама Міцкевіча пераконвае, што ліцэісты ня хочуць удзельнічаць у занятках рэлігіі, паколькі адносіны да іх несур’ёзныя. „Яны не адмаўляюцца ад Бога ці рэлігіі, толькі ад мэтадаў, якія прапануе Касьцёл. Дадаткова, паколькі яны высока ацэньваюць сваю аўтаномію, увядзеньне рэлігіі ў сьпіс школьных заняткаў лічаць атакай на асабістую свабоду”, - кажа сацыёляг.
У ягонай ацэнцы, урокі рэлігіі нецікавыя, а іхныя настаўнікі недастаткова падрыхтаваныя да працы з моладзьдзю. „Многія зь іх ня маюць дастатковых гістарычных ведаў, а часта нават тэалягічных. (…) Касьцёл павінен памяняць падыход і спыніць ідэалягічную вайну,”- ацэньвае прафэсар Баняк.
Паводле яго, сьвятары павінны ў большай ступені прыслухоўвацца да моладзі, а заняткі па рэлігіі, як духоўнае практыкаваньне, трэба перанесьці са школаў у рэлігійныя аб’екты. У сваю чаргу ў школе варта прапанаваць моладзі заняткі па рэлігіязнаўстве ці этыцы.
Дарэчы, падобныя погляды выказвае сама моладзь.
„Калі сытуацыя не памяняецца, то моладзь будзе яшчэ больш выразна аспрэчваць месца рэлігіі ў публічных адукацыйных установах, у якіх вучацца таксама вучні іншых веравызнаньняў, культур ці атэісты,”- перасьцерагае сацыёляг.
У сваю чаргу ксёндз Аркадыюш Шымчак, салезіянін з Познані, зьвяртае ўвагу на тое, што адна справа – гэта праблемы з заняткамі рэлігіі, а другая – вельмі папулярнае сярод моладзі акадэмічнае душпастырства.
Ксёндз Данель Ваховяк дадае, што адмова ад урокаў рэлігіі – гэта проста сібарыцтва. „Ці калі некаму не падабаецца настаўнік польскай мовы, то ён перастае размаўляць па-польску ды адракаецца ад заняткаў?”- пытае духоўны ў размове з журналістам выданьня „Gazeta Wyborcza”.
аз