Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу (фота)

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 20.01.2012 19:57
  • Лыжная прабежка па Якушыцах.mp3
Лыжная прабежка па Якушыцах.

Польшчу зьнянацка наведаля зіма й засыпала ўсю краіну белым пухам. А гэта адна з прычынаў, каб стаць на бегавыя лычы й прабегчыся па ваколіцы.

Ёсьць у Польшчы такое месца, дзе можна ня толькі займацца прабежкай на бегавых лыжах, але й захапляцца навакольнымі пэйзажамі- гэта Якушыцкая даніна, непадалёк Шклярскай Парэмбы ў Ізэрскіх гарах на памежжы Польшчы й Чэхіі.

Лыжныя шляхі ў Якушыцах- гэта дасканалыя ўмовы як для асобаў, якія ўпершыню сталі на лыжы, так і для прафэсіяналаў.

Прафэсійныя трасы атрымалі клясыфікацыю Міжнароднай лыжнай фэдэрацйі FIC. Лыжныя прагулачныя шляхі Якушыцаў складаюць у суме 100 кілямэтраў, а вакол такая прыгажосьць!

Дарэчы, менавіта зь Якушыцкай паляны стартуюць удзельнікі штогадовага лыжнага маратону, які адбываецца ў першыя выходныя сакавіка пад назвай „Бег Пястаў”. Упершыню імпрэза прайшла ў 1976 годзе й ад тае пары з году ў год прываблівае верных прыхільнікаў, але таксама зьяўляюцца новыя.

„Бег Пястаў” - гэта агульная назва імпрэзы, але яна складаецца зь некалькіх спаборніцтваў. У пятніцу заўсёды адбываецца лыжны маратон „Карканоскі лыжны бег дзяцей і моладзі”, называны інакш „Малым бегам Пястаў”.

Галоўны бег, называны „Бегам Пястаў”, адбываецца ў суботу на трасе 50 кілямэтраў у клясычным стылі, а ад 2001 году ён адначасова зьяўляецца чэмпіянатам Польшчы па лыжным спорце, які ладзіць Польская лыжная асацыяцыя. Акрамя таго, адбудзецца забег на 26 кілямэтраў у свабодным стылі й бег для дашкольнікаў на дыстанцыі 150 мэтраў.

Ад 1995 году „Бег Пястаў” уваходзіць у Эўрапейскую лігу бегаў на доўгую дыстанцыю Euroloppet, а 13 чэрвеня 2008 сябры Міжнароднай лыжнай асацыяцыі ўключылі польскую імпрэзу ў склад Сусьветнай лігі прабегаў на доўгую дыстанцыю Worldloppet Ski Federation.

Калісьці на спаборніцтвы, акрамя палякаў, прыязджалі суседзі з сацыялістычных краінаў - чэхі, славакі, вугорцы й румыны. Сёньня ж усё значна прасьцей, прыязджаюць аматары лыжнага спорту з усёй Эўропы, з ЗША, з Канады ды нават зь Японіі. Спачатку гэта былі прадстаўнікі польскай дыяспары, якіх цягнула ў свае горы, але паступова дзеля ўдзелу ў спаборніцтвах пачалі прыязджаць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Да „Бегу Пястаў” засталося ня шмат часу, таму найлепшы момант, каб падаць заяўку на ўдзел, а таксама пачаць трэніроўку.

Паколькі ў некаторых польскіх ваяводзтвах зімовыя канікулы, то шмат дзяцей і моладзі прыехала на лыжны адпачынак у ваколіцы Якушыцаў. А некаторым пашчасьціла сустрэць на лыжным шляху Юстыну Кавальчык. Гэтая 29-гадовая польская лыжніца зьяўляецца двухразовай чэмпіёнкай сьвету, чатырохразовай алімпійскай мэдалісткай і тройчы заваявала Кубак сьвету. Дарэчы, Юстына таксама трэніруецца ў Якушыцах.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч

foto: http://www.jakuszyce.info.pl/galeria.php

/
/
/
/
/
/
/
/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт