Logo Polskiego Radia
Print

Аўтаспынам па Амэрыцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.10.2011 17:06
  • 27.10_Аўтаспынам па Амэрыцы.mp3
Жэня й Верасень на ўласныя вочы пабачылі самы крымінальны горад сьвету. А таксама экзатычную лацінаамэрыканскую краіну, дзе трактар “Беларус” лічыцца вялізнай каштоўнасьцю.

/

Беларуская сямейная пара, з амаль пустымі кішэнямі й музычнымі інструмэнтамі ў руках, вандравала па амэрыканскім кантынэнце.

Вандравалі аўтаспынам. Экспэдыцыя склала аж 30 тысяч кілямэтраў.

Як ім гэта ўдалося?

Жэня Манцэвіч – крэатыўная беларуская журналістка. Яе муж Верасень – геоляг.

Вандроўка сямейнай пары распачалася зь Кіева, адкуль нашы землякі паляцелі ў Нью-Ёрк.

Верасень: Усё, што я даведаўся пра Нью-Ёрк – гэта ўсё з амэрыканскіх фільмаў. А гэтыя фільмы – гэта казкі. Як аказалася, Нью-Ёрк даволі бясьпечны горад. І ўначы ў чорных раёнах, дзе павінна быць небясьпечна, усё было нармальна.

У Нью-Ёрку Жэня й Верасень цягам месяца зарабілі некалькі тысячаў даляраў. Жонка грала на скрыпцы на дварэ, мужык – працаваў на будоўлі. Жылі ў сяброў. Сабраўшы пэўны капітал, пара рушыла ў Мэксіку. На мяжы нашых маладзёнаў папярэдзіў мясцовы амэрыканец – у Мэксіцы вам будзе дрэнна!

Верасень: Кажа: “Не едзьце ў Мэксіку. У Мэксіцы вас заб’юць, там небясьпечна. Страляюць”. Але мы неяк ня слухалі гэта. Таму што ўсё, што яны думаюць пра нашу краіну… Для іх гэта ўсё Расея, і яны думаюць, што ў нас мядзьведзі ходзяць па вуліцах.

Але ў небясьпечныя сытуацыі пара амаль не патрапляла. Ім амаль заўжды прапаноўвалі начлег новыя сябры. Узамен беларусы выконвалі нашы нацыянальныя песьні.

Яны пабылі ў Мэксіцы, прытым наведалі самы крымінальны горад сьвету –Сьюдад-Хуарэс. Далей накіраваліся ў Гватэмалу, Нікарагуа. Дарэчы ў апошняй зь пералічаных краін Жэня й Верасень пабачылі не адзін трактар “Беларус”, які карыстаецца шалёнай папулярнасьцю.

Вандроўка працягвалася: Коста-Рыка, Эквадор, Панама, Калюмбія.

Верасень: У Калюмбіі вельмі цікава. Вельмі прыгожыя людзі. Культура ў іх трошкі іншая. Яны сядзяць, паляць вогнішчы й кураць усё, што курыцца. Паліцыя таксама курыць. Нібыта курыць нічога нельга, але ўвесь горад у дымцы. Вельмі характэрны пах, яго ні з чым ня зблытаеш, і ніякіх праблемаў.

З часам сямейная пара вывучыла гішпанскую мову і ўжо сьпявала мясцовыя песьні.

Жэня й Верасень спынялі фуры й так званыя пікапы, у кузавы якіх зьмяшчаецца па 25 чалавек. У гарадах, якія наведвала сямейная пара, можна было заблытацца. З часам архітэктура ў розных краінах перастала зьвяртаць на сябе пільную ўвагу. Але дзе-нідзе беларусы знаходзілі падабенствы да сваёй краіны.

Верасень: Паўсюль архітэктура ў Лацінскай Амэрыцы даволі падобная. Гэта каляніяльная архітэктура гішпанцаў.

Карэспандэнт: А новая як выглядае?

Верасень: Такая, як і ў нас. Дамы. Гарады ў сьвеце мала чым адрозьніваюцца. Менск ад Сан-Хасэ ня так моцна адрозьніваецца. Канешне, Менск – гэта новы горад, вельмі падобны да сталіцы Бразіліі. Яе таксама збудавалі ў 60-я гады.

Што рабіць, калі ты захварэеш у такой вандроўцы? Ці спрацоўвае на амэрыканскім кантынэнце страхоўка, зробленая ў нас? Жэні й Верасьню за месяцы вандроўкі даводзілася зьвяртацца да лекараў.

Верасень: Алергія была. Таму што ў Калюмбіі можа быць алергія на ўсё. Хадзілі да мясцовых урачоў, якія прапісвалі пілюлі. Каштавалі яны, як наш цытрамон. У нас была беларуская страхоўка, але не хацела спрацоўваць, усё гэта складана было. Трэба было патэлефанаваць у найбліжэйшы пункт, дзе гэта страхоўка працуе. Мы тэлефанавалі ў Багату. Там па-ангельску ніхто не размаўляў. Можна было паразмаўляць і па-гішпанску, але былі праблемы з тэрміналёгіяй.

Можа здарыцца так, што ў няўважлівага турыста крадуць адзеньне, тэхніку, грошы й пашпарты. Што тады рабіць?

Нашы беларусы былі пільныя. Але мелі запасны варыянт, як вярнуцца на Бацькаўшчыну, калі зьнікнуць грошы й дакумэнты.

Верасень: Ды можна вярнуцца нават на баржы на якой-небудзь. У буйных партах заўжды ёсьць караблі з Расеі. Нават калі ў цябе няма грошай і дакумэнтаў, на гэтым караблі ты можаш паплысьці за тое, што ты там будзеш працаваць. Ты можаш быць кухарам. Табе могуць нават заплаціць за гэта.

Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё гутарыў зь беларусам Версьнем, які разам з жонкай Жэняй вандраваў па ЗША й Амэрыцы.

Гэтая сямейная пара ведае, якія ўражаньні мог мець Хрыстафор Калюфмб, адкрываючы гэты дзівосны кантынэнт. Бо мала хто зь беларусаў дабіраецца так далёка. Ды яшчэ й аўтаспынам.

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт