13 верасьня 1920 году на прадмесьцях Варшавы пачалася рашучая бітва польска-бальшавіцкай вайны.Чырвоная армія, якая на сваіх штыхах імкнулася пранесьці пралетарскую рэвалюцыю ў Эўропу, нечакана сутыкнулася з адчайным супрацівам палякаў і адкацілася далёка на ўсход. Пра значэньне гэтай бітвы ў гісторыі Польшчы ды Эўропы сказана вельмі шмат. А які сьлед пакінула Варшаўская бітва ў гісторыі Беларусі? Пра гэта нам распавядуць беларускія гісторыкі.
Мэтай камандуючага Заходнім фронтам Міхаіла Тухачэўскага і Ўладзімера Леніна летам 1920 году была зусім не Варшава, а сусьветная рэвалюцыя – адзінадушна сьцьвярджаюць гісторыкі.
“Байцы рабочай рэвалюцыі. Скіруйце свае позіркі на захад. На захадзе вырашаецца лёс сусьветнай рэвалюцыі. Праз труп белай Польшчы ляжыць шлях да сусьветнага пажару. На штыхах панясем шчасьце й мір працоўнаму чалавецтву. На Захад! Да рашучых бітваў, да грамагучных перамогаў!” - заклікаў ў загадзе да Чырвонай Арміі Міхаіл Тухачэўскі.
Калі б у жніўні 1920 году Чырвоная Армія не пацярпела паразу пад Варшавай, то камуністычная дыктатура ўсталявалася б ня толькі ў Польшчы, а мажліва й ва ўсёй Эўропе – кажа гісторык Алесь Смалянчук.
А. Смалянчук: Агульнавядома, што Ленін ўжо сфармаваў ўрад Польскай Савецкай Рэспублікі на чале зь Дзяржынскім і Мархлеўскім. Калі б Чырвоная Армія не пацярпела паразу, то бальшавіцкая рэвалюцыя пакацілася б далей у Эўропу й абярнулася сотнямі тысяч новых ахвяраў.
Перамога пад Варшавай дазволіла палякам захаваць сваю незалежнасьць. А вось для беларусаў яна стала галоўным эпізодам польска-савецкай вайны, якая скончылася Рыскім мірам і падзелам Беларусі. Таму даць адназначную ацэнку гэтай падзеі нялёгка – кажа гіторык Андрэй Вашкевіч.
А. Вашкевіч: Я б не ацэньваў Варшаўскую бітву ў катэгорыях “пазытыўны” ці “нэгатыўны” для беларусаў. Таксама я ня стаў бы ацэньваць ў гэтых катэгорыях і Рыскі мір. Шмат хто гаворыць, што ён стаў для беларусаў трагедыяй. Так, стаў! Але дзякуючы таму, што мы апынуліся ў дзьвюх розных дзяржавах, паміж імі паўстала канкурэнцыя за беларусаў, якая й прывяла да таго, што нам далі пэўную форму дзяржаўнасьці.
Без Варшаўскай бітвы можа й не было б БССР – мяркуе гісторык Алесь Смалянчук. Пасьля паразы ў вайне бальшавікі былі вымушаныя адкласьці пляны сусьветнай рэвалюцыі й пачалі ствараць ўласную дзяржаву – уключна з нацыянальнымі рэспублікамі – кажа навуковец.
А. Смалянчук: Не было б гэтага паражэньня - мне здаецца, не было б і рашэньня Крамля ствараць БССР, УССР ды іншыя саюзныя рэспублікі. Магчыма, яна спрычынілася да паўстання беларускай савецкай, фармальнай, але ўсё-такі дзяржаўнасьці.
Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч ставіць пад сумнеў эўрапейскае значэньне Варшаўскай бітвы. Рухаючыся ўсё далей на захад чырвоная армія сустракала ўсё менш прыхільнікаў. Калі б бальшавікам не далі адпор пад Варшавай, то іх бы спынілі пад Бэрлінам ці дзе-небудзь яшчэ – лічыць гісторык. У камуністычнай рэвалюцыі не было шанцаў нават у Цэнтральнай Эўропе – кажа Андрэй Вашкевіч.
А. Вашкевіч: Аказалася, што Чырвоная Армія мела найбольшую падтрымку на тэрыторыі Заходняй Беларусі й Валыні. Пасьля таго, як яна ўступіла на польскую зямлю, замест падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва яна сустракала ўсё большы супраціў. А ў міжваенны час найбольш “рэвалюцыйнымі” ў Польшчы былі ня польскія рабочыя, а беларускія сяляне. Мне здаецца, што пэрспэктываў у рэвалюцыі не было. Калі б Чырвоная Армія не спатыкнулася на Вісьле, яна ўсё роўна б спатыкнулася дзе-небудзь далей.
Малавядомы факт: у Варшаўскай бітве прымала ўдзел шмат беларусаў. Прычым – па абодвух баках фронту. У рашучы момант бітвы ля падваршаўскага гарадку Радзымін у схватцы сышліся 1-я Беларуска-літоўская дывізія ды чырвоныя палкі, якія фармаваліся на беларускай зямлі.
А. Смалянчук: Калі я не памыляюся, Омская дывізія, якая была ў кірунку галоўнага ўдару войска Тухачэўскага, сутыкнулася пад Радзымінам зь Беларуска-літоўскай дывізіяй, у якой служыла шмат сыноў беларускай зямлі. Гэты гарадок некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Зь яго канчатковага ўзяцьця польскай арміяй пачаўся разгром бальшавісцкай групоўкі пад Варшавай.
У пераломным моманце Варшаўскай бітвы ўраджэнцы беларускіх зямель забівалі адзін аднаго. Таму, што сваёй дзяржавы ў іх не было – з сумам канстатуе гісторык Алесь Смалянчук.
Аляксандар Папко