Logo Polskiego Radia
Print

Як вучыць студэнтаў, каб яны змаглі прадаць свой прадукт?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.06.2019 15:35
  • 27.06.2019_навука.mp3
Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на Сусьветным зьезьдзе польскіх інжынераў у Кракаве.
materaiły prasowe/IV Światowy Zjazd Inżynierów Polskich

Падрыхтоўка грамадзтва да жыцьця і працы ў эпоху штучнага інтэлекту зьяўляецца вялікім выклікам, у якім значную ролю адыгрываюць інжынеры і вынаходнікі. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на IV Сусьветным зьезьдзе польскіх інжынераў, які нядаўна прайшоў у Кракаве.

Старшыня Камітэту электронікі і тэлекамунікацыі Польскай акадэміі навук праф. Багуслаў Смульскі (Bogusław Smólski) расказаў, як ён прапануе разьвіваць інфарматыку ў Польшчы

Б.Смульскі: У палове году павінна зьявіцца апрацаваная стратэгія разьвіцьця штучнага інтэлекту. Гэтая стратэгія цесна зьвязаная з разьвіцьцём аблічбоўкі і інфарматызацыі грамадзкадаступных сыстэм, і я спадзяюся, што гэта крыху навядзе парадак. У Польшчы ў галіне штучнага інтэлекту адбываецца вельмі многа, але ж недасканалай зьяўляецца сыстэма каардынацыі тых дзеяньняў, якія фінансуюцца ў асноўным дзяржаўнымі сродкамі. Справа ідзецца аб тым, каб падрыхтаваць інфраструктуру дзяржавы да эфэктыўнага кіраваньня з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту ў розных сфэрах: у дзяржаўнай адміністрацыі, па справах з насельніцтвам, з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таксама сыстэмы кіраваньня ў крызіснай сытуацыі. Усё гэта патрабуе дапрацоўкі й новых вырашэньняў.

Прафэсар Смульскі лічыць, што ў польскай сыстэме адукацыі інжынераў патрэбныя многія новаўвядзеньні.

Б.Смульскі: На жаль, нашая сыстэма адукацыі ў пачатковай школе, сярэдняй і ВНУ, так бы мовіць, затрымалася ў XІX стагодзьдзі. У сыстэме вышэйшай адукацыі пераважаюць лекцыі. Гэты від навучаньня вельмі падабаецца выкладчыкам. А сёньня сучасная адукацыя, найперш інжынераў, павінна быць вучобай праз падрыхтоўку праектаў. Выкладчык павінен мэтадычна вызначаць задачы, каб маладыя людзі вучыліся знаходзіць інструмэнты, якія дапамогуць ім ажыцьцяўляць дадзены праект. А тэарэтычнае пашырэньне ведаў павінна быць папаўненьнем недахопаў ведаў, якія стануць бачнымі падчас ажыцьцяўленьня праектаў. Ёсьць прыклады замежных ВНУ, якія менавіта такім чынам навучаюць студэнтаў. І мы чакаем, што ў польскіх ВНУ будзе гэтаксама.

Інжынер Кшыштаф Ключэўскі (Krzysztof Kluczewski) з General Motors Kanada адзначае, што ў польскіх ІТ-спэцыялістаў вялікі патэнцыял.

К.Ключэўскі: Я больш за 30 гадоў працую ў ІТ-сэктары ў Канадзе, у Таронта. Я лічу, што польскія інжынеры – высокаадукаваныя спэцыялісты. Я працую ў ІТ-сэктары у буйных кампаніях, якія карыстаюцца паслугамі ІТ-аў у Індыі, Кітаі, Бразыліі, Аргентыны. Цяпер я адзначаю ператасоўку заказаў на інфарматычныя паслугі – Індыю замяняе Польшча. Кампаніі пераяжджаюць у Польшчу. Чаму? – Таму што Польшча забясьпечвае патрэбную колькасьць спэцыялістаў ІТ высокай узроўню. А калі казаць пра адукацыю, то да таго, што сказаў прафэсар Смульскі, я дабаўлю, што трэба маладых польскіх інжынераў навучыць крэатыўнасьці. Трэба іх навучыць, каб яны стваралі новыя праекты і ўмелі іх прадаць. Зараз уменьне «прадацца» на рынку зьяўляецца больш чым паловай посьпеху. Польскія ВНУ вельмі добра выкладаюць асновы тэхнікі, ІТ і г.д. Студэнтаў трэба яшчэ навучыць, як ствараць стартапы. Падказаць ім, што трэба ўцягнуць у супрацоўніцтва калегу з юрыдычнага факультэту, з маркетынгу, і разам заснаваць малое прадпрыемства ды выйсьці ў сьвет са сваім прадуктам. Менавіта гэтаму павінны вучыць ВНУ. Гэтак працуюць амэрыканскія ВНУ, вынік – вялікі посьпех Сыліконавай даліны, бо ВНУ дапамагаюць студэнтам стартаваць з новымі праектамі.

Кшыштаф Ключэўскі зьвярнуў таксама ўвагу на пытаньне этыкі і шматзначнасьць працы інжынера.

К. Ключэўскі: Этыка павінна быць дадатковым прадметам на тэхнічных унівэрсытэтах. Этыка вельмі важная, інжынер ня можа абмяжоўвацца толькі сваёй працай, адукацыя ў яго павінна быць шматбаковай. Гаворка ідзе пра гуманітарныя, гістарычныя, геаграфічныя веды. Усё гэта ўзьдзейнічае на розум чалавека, на яго падыход і маральнасьць. Інжынер, калі ў яго добрая маральная аснова, ён заўсёды будзе рабіць добрую справу.

Аб гэтым разважалі польскія навукоўцы й дасьледчыкі на IV Сусьветым зьезьдзе польскіх інжынераў, які нядаўна прайшоў у Кракаве.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт