Вялікабрытанія падкупляе польскіх дактароў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.06.2019 15:44
Лекар атрымлівае падтрымку на пачатак жыцьця ў Англіі, нават сродкі на пакупку лядоўні.
photo: Pixabay.com/Darko Stojanovic/CC0 Creative Commons
У Вялікабрытаніі назіраецца недахоп лекараў – паводле падлікаў адмыслоўцаў, не хапае каля трох тысяч дактароў. Брытанцы вырашылі прыцягнуць лекараў між іншым з Польшчы – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Падрыхтоўка адпаведных спэцыялістаў праходзіць яшчэ перад адпраўкай на Туманны Альбіён. Польскі доктар атрымлівае між іншым восем тысяч фунтаў на авіябілеты, грошы на першы месяц арэнды кватэры, дапамогу ў пошуках школы для дзяцей, а нават сродкі на пакупку лядоўні.
Праблемы з мэдычнымі кадрамі назіраюцца ў большасьці эўрапейскіх краін. І перацягваньне дактароў з іншай дзяржавы – гэта ня выхад. Аднак брытанцы кажуць, што кожны сам выбірае, дзе яму працаваць. А яны могуць толькі памагчы з выбарам, і таму прапануюць найлепшыя з магчымых умовы.
Праблема, якую заўважылі брытанцы і спрабуюць яе вырашыць пры дапамозе між іншым замежных спэцыялістаў, пагражае ўсёй Эўропе. Крокі, якія прымаюць брытанцы, павінны падказаць палітыкам, што цяпер апошні момант, каб нешта зрабіць, бо недахоп мэдычных кадраў будзе толькі нарастаць, – адзначае дырэктар паліклінікі БалтыМэд Анджэй Запасьнік. На ягоную думку, недапушчальна, каб улады не падрыхтавалі доўгатэрміновай стратэгіі кадравай палітыкі. Розныя аналітычныя дакумэнты сьведчаць пра тое, што калі нічога ня зьменіцца, то праз 10-15 гадоў пацыентам цяжка будзе трапіць нават да лекара-тэрапэўта, ня кажучы ўжо пра некаторых спэцыялістаў. Мінздароўя хацела б прымаць дактароў з дзяржаў з-за ўсходняй мяжы Польшчы, але сыстэма адукацыі іншая, таму дыплёмы неабходна пацьвярджаць. Міністэрства працуе над зьменамі, якія аблегчаць працаўладкаваньне лекараў з Украіны ці Беларусі.
Dziennik Gazeta Prawna/нг