Logo Polskiego Radia
Print

У Кельцэ рыхтуюцца да конкурсу марсаходаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.05.2019 18:22
56 каманд хочуць удзельнічаць у сёлетніх спаборніцтвах European Rover Challenge.
foto: www.go-poland.pl

56 каманд з 16 краін і шасьці кантынэнтаў хочуць удзельнічаць у сёлетніх спаборніцтвах European Rover Challenge (ERC), якія пройдуць у верасьні ў горадзе Кельцэ (паўднёвая частка Польшчы).

European Rover Challenge зьяўляецца прэстыжным конкурсам робатаў, пабудаваных студэнцкімі камандамі. ERC І-АR-SІ - гэта эўрапейская вэрсія шырокавядомага ў навуковым сьвеце University Rover Challenge - мерапрыемства, якое праходзіць у Злучаных Штатах.

Лукаш Вільчыньскі – старшыня Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, якое зьяўляецца адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства, тлумачыць сутнасьць European Rover Challenge.

Л.Вільчыньскі: European Rover Challenge 2019 гэта спаборніцтва, якое праходзіць на працягу трох дзён, але мы падыходзім да гэтага больш шырока. Для нас гэта плятформа, на якой знаходзяцца супрацоўнікі для касьмічнай прамысловасьці і робататэхнікі. Тое, што бачаць наведвальнікі – гэта толькі пік айсбэрга. На спаборніцтвы прыязджаюць інжынеры й даследчыкі з цэлага сьвету, у нас няма заявак толькі з Антарктыды. Ёсьць зона паказаў для наведвальнікаў, якіх у нас 40-50 тысяч чалавек. Акрамя гэтага, ладзім канфэрэнцыю, майстарклясы, бізнэс-сустрэчы. Усё ,чым мы займаемся, павінна мець адлюстраваньне ў камэрцыялізацыі навуковых праектаў.

Лукаш Вільчыньскі тлумачыць, у чым заключаюцца спаборніцтвы.

Л.Вільчыньскі: Каманды павінны ўдзельнічаць у пяці розных катэгорыях. Першая палягае на тым, што яны мусяць расказаць журы, якім чынам ішла падрыхтоўка й рэалізаваўся праект. І за гэта можна атрымаць шмат балаў, але таксама й шмат балаў згубіць. У іншай катэгорыі ўдзельнікі мусяць з дапамогай сваіх робатаў паладзіць зламаны рэактар, узяць пробу зямлі. Гэтыя марсаходы павінны выкарыстоўвацца і на Месяцы, і на Марсе, таму мы патрабуем, каб робаты былі як мага аўтаномныя.

Эўрапейская сустрэча маладых канструктараў марсаходаў упершыню прайшла ў 2014 годзе. У гэтым годзе будзе праходзіць пяты раз.

Лепшыя каманды будуць змагацца за месца на подыюме падчас фіналу, які пройдзе 13-15 верасьня ва ўнівэрсытэцкім гарадку Тэхналягічнага ўнівэрсытэта Кельцэ.

«Падалі заяўкі 17 цалкам новых каманд з усяго сьвету, сярод іх і тыя, хто летась прыехаў на конкурс у ролі гледачоў, каб найлепшым чынам падрыхтавацца да конкурсу ў гэтым годзе», - зазначыла ў прэс-рэлізе прадстаўніца арганізатараў Магда Варытка (Magda Worytko).

Арганізатары адзначаюць таксама, што працягваецца прыём праектаў па формуле ERC Pro. Ён прызначаны для прафэсійных каманд, якія займаюцца робататэхнікай і касьмічнымі тэхналёгіямі.

«ERC Pro дае маладым спэцыялістам падтрымку ў наладжаньні міжнароднага супрацоўніцтва, дае нагоду прадставіць свае праекты патэнцыяльным інвэстарам, або камэрцыялізацыі некаторых тэхнічных вырашэньняў», - адзначаюць арганізатары.

Суарганізатарамі European Rover Challenge 2019 зьяўляюцца Эўрапейскі касьмічны фонд, Mars Society Polska, спэцыяльная эканамічная зона «Старахавіцэ» і Тэхналягічны ўнівэрсытэт Кельцэ.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт