Сёньня я распавяду пра музычны калектыў, які быў заснаваны ў далёкія 70-ыя гады, а дакладней, роўна ў 1970-ым годзе. Гурт называецца «Wolna Grupa Bukowina» (Свабодная група Букавіна), таму можна падумаць, што яго стваральнікі паходзяць зь мясцовасьці Букавіна, што знаходзіцца на поўдні Польшчы, аднак гэта ня так. Заснаваў калектыў Войцех Бэлён (Wojciech Belon) у гарадку Буска-Здруй, а да яго далучылася яго школьная сяброўка Гражына Кулявік (Grażyna Kulawik) ды некалькі іншых калег. І так калектыў, створаны вельмі маладымі людзьмі, стаў, магчыма, даволі нечакана для іх саміх, папулярны ва ўсёй краіне і праіснаваў даволі доўга, аж да сьмерці свайго галоўнага заснавальніка.
Пачалося ўсё з вандроўкі на гарах, падчас якой музыканты адкрывалі і апісвалі Букавіну, і менавіта ад гэтага ўзяўся назоў групы. У склад калектыву ўваходзілі між іншым Войцех Бэлён і Гражына Кулявік, якія летам 1971 году выступілі ўпершыню на сцэне конкурсу студэнцкай песьні і заваявалі адну з галоўных узнагарод. Неўзабаве група пачала выступаць са сваімі кампазыцыямі ўсё часьцей, здабываючы папулярнасьць і любоў фанаў.
Гурт граў як на польскіх сцэнах, так і за мяжою, між іншым у Ташкенце, Рызе, Кіеве, Белградзе, Братыславе. Аднак пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў 1981 годзе «Свабодная група Букавіна» прыпыніла сваю дзейнасьць. Вярнулася на эстраду ў 82-ім годзе, але ўжо пад іншым назовам. На жаль, неўзабаве, у 1985 годзе, памёр Войцех Бэлён, і тады калектыў поўнасьцю перастаў існаваць, хаця пазьней музыканты яшчэ спрабавалі вярнуцца на сцэну. Да канца невядома, што было непасрэднай прычынай сьмерці, вядома толькі, што Бэлён быў алькаголікам, у яго была цяжкая хвароба нырак.
А я прапаную паслухаць песьню, якая называецца «Majster Bieda».
Skąd przychodził, kto go znał
Kto mu rękę podał kiedy
Nad rowem siadał, wyjmował chleb
Serem przekładał i dzielił się z psem
Tyle wszystkiego, co sobą miał
Majster Bieda
Czapkę z głowy ściągał, gdy
Wiatr gałęzie chylił drzewom
Śmiał się do słońca i śpiewał do gwiazd
Drogą bez końca co przed nim szła
Znał jak pięć palców, jak szeląg zły
Majster Bieda
Nikt nie pytał skąd się wziął
Gdy do ognia się przysiadał
Wtulał się w krąg ciepła jak w kożuch
Znużony drogą wędrowiec boży
Zasypiał długo gapiąc się w noc
Majster Bieda
Aż nastąpił taki rok
Smutny rok, tak widać trzeba
Nie przyszedł Bieda zieloną wiosną
Miejsce, gdzie siadał, zielskiem zarosło
I choć niejeden wytężał wzrok
Choć lato pustym gościńcem przeszło
Z rudymi liśćmi jesienną schedą
Wiatrem niesiony popłynął w przeszłość
Majster Bieda
Адкуль прыходзіў, хто яго ведаў, хто яму калі-небудзь падаў руку. Над канавай сядаў, вымаў хлеб, пракладаў сырам і дзяліўся з сабакам. Столькі ўсяго, што з сабой меў. Майстар Нястача.
Шапку з галавы сьцягваў, калі вецер галіны дрэваў прыгінаў. Сьмяяўся да сонца і сьпяваў да зорак. Дарогу, якая бясконца перад ім ішла, ведаў як пяць пальцаў, як ламаны шэляг. Майстар Нястача.
Ніхто не пытаў, адкуль ён узяўся, калі сядаў каля агню. Прытуляўся да цёплага кола як захутваўся ў кажух, стомлены дарогай божы вандроўнік. Засынаў, доўга гледзячы ў ноч. Майстар Нястача.
Аж прыйшоў такі год, сумны год, але, відаць, так трэба. Не прыйшоў Нястача зялёнай вясной. Месца, дзе сядаў, зарасло пустазельлем. І хоць не адзін напружваў зрок, хоць лета пустым гасьцінцам прайшло, рыжае лісьце, восені спадчыну, вецер прагнаў. Паплыў у мінулае Майстар нястача.
Majster Bieda – майстар Нястача або і майстар Бяда. Ёсьць крыху розьніцы ў значэньні паміж польскім bieda і беларускім бяда. Беларусы так гавораць перш за ўсё пра нейкае дрэннае здарэньне, няшчасьце, а ў польскай мове гэты выраз называе перш за ўсё нястачу, недахоп грошай, а не дрэнныя падзеі, хаця такая сэмантыка таксама магчымая.
Jak szeląg zły – як дрэнны шэляг, ламаны шэляг. Szeląg – гэта старадаўняя дробная манэта ў Польшчы. Палякі часам гавораць «Nie wart łamanego szeląga», а беларусы ў дадзенай сытуацыі сказалі б «ломанага гроша ня варты» (нічога ня варты, без ніякай каштоўнасьці).
Znużony drogą – стомлены дарогай. Стомлены па-польску таксама zmęczony, гэтае слова больш папулярнае, чым znużony, хаця азначае практычна тое ж самае.
Długo gapiąc się w noc – доўга ўглядаючыся, гледзячы ў ноч. Gapić się – гэта глядзець, углядацца ў гутарковай мове, інакш – зяваць, быць разявакай.
Wytężać wzrok – напружваць зрок, старанна прыглядацца чамусьці або камусьці, нешта шукаць вачыма. Таксама можна wytężać uwagę – напружваць увагу, уважліва слухаць, глядзець, успрымаць нешта.
нг