Польскія ўлады абяцаюць сродкі на пасажыраперавозкі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.04.2019 15:08
Перавозчыкі ня вераць ва ўрадавую праграму і адмяняюць чарговыя маршруты.
Ілюстрацыйны здымакphoto: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
«Dziennik Gazeta Prawna» закранае тэму перадвыбарчых абяцаньняў кіруючай партыі. Адным з іх было вяртаньне аўтобусных ліній паміж невялікімі населенымі пунктамі. Выданьне піша, што перавозчыкі ня вераць ва ўрадавую праграму і рыхтуюць чарговыя адмены маршрутаў.
Урад абяцаў выдзеліць на дэфіцытныя аўтобусныя спалучэньні 800 млн. злотых. Яшчэ ў лютым прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заяўляў, што маршруты пачнуць вяртацца ў красавіку. Пакуль што нічога з гэтых абяцаньняў ня выйшла, кажа старшыня прадпрыемства «Дзяржаўная аўтамабільная камунікацыя (PKS)» у Здуньскай Волі Мечыслаў Пекарскі. Па прычыне адсутнасьці рэнтабэльнасьці ён ліквідаваў у панядзелак звыш 10 маршрутаў. Падобным чынам паступаюць іншыя перавозчыкі. Яны кажуць, што на працягу апошніх двух гадоў было столькі абяцаньняў з боку ўраду, што яны перасталі ўжо ў іх верыць.
Спэцыяліст па пытаньнях транспарту доктар Міхал Валяньскі з Галоўнай гандлёвай школы таксама скептычна ставіцца да ўрадавых прапаноў. Яго меркаваньнем, няма ніякіх гарантый, што дзяржаўная датацыя на самой справе трапіць туды, дзе яна найбольш патрэбная і дапаможа захаваць або вярнуць мясцовыя аўтобусныя маршруты.
Dziennik Gazeta Prawna/нг