Польскія эканамічныя ВНУ падняліся ў рэйтынгу "FT"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
03.12.2018 14:00
Дыплём ВНУ, асабліва эканамічнай, высока каціруецца на рынку працы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Дзьве польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы – Акадэмія Лявона Казьміньскага і Галоўная Гандлёвая Школа падняліся ў рэйтынгу эканамічных ВНУ, які рыхтуе «Financial Times» (АЛК – з 64 на 43 месца, ГГШ – з 76 на 71). Пры нагодзе выданьне «Rzeczpospolita» друкуе інтэрвію з эканамісткай Галоўнай Гандлёвай Школы Агнешкай Хлонь-Даміньчак (Agnieszka Chłoń-Domińczak). Яна адзначае, што дыплём ВНУ цэніцца на рынку працы. Большасьць выпускнікоў вышэйшых устаноў знаходзіць працу. Галоўнае, што ВНУ даюць сваім студэнтам унівэрсальныя веды, дзякуючы якім ім лягчэй знайсьці сваё месца на працоўным рынку, хаця не заўсёды па прафэсіі.
Выпускнікі якіх факультэтаў зарабляюць больш за іншых? Перш за ўсё эканамічных, – кажа экспэрт, але таксама з галіны мэдычных навук, лясьнічых ці тэхнічных. Цікава тое, што лясьнічыя зарабляюць вельмі прыстойныя грошы, гэта адносна невялікая група асоб, якія пасьля ВНУ хутка знаходзяць працу, галоўным чынам у прадпрыемстве «Дзяржаўныя лясы».
Рынак працы мяняецца. Цяпер у Польшчы вельмі нізкае беспрацоўе. Па дэмаграфічных прычынах пачынае не хапаць працоўных рук. Сёньня часьцей працадаўца шукае працаўніка, чым працаўнік наймальніка. Прыяжджае таксама працаваць шмат украінцаў. Ёсьць нават ВНУ, якія адкрываюць факультэты з украінскай мовай навучаньня, – дадае эканамістка.
Няпраўда, што вышэйшыя навучальныя ўстановы рыхтуюць беспрацоўных, як мяркуюць некаторыя. Канешне, шмат залежыць ад факультэту, але вышэйшая адукацыя ўсё яшчэ зьяўляецца козырам на рынку працы.
Rzeczpospolita/нг