Logo Polskiego Radia
Print

Настаўнікі заклікаюць калег разумна задаваць урокі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.10.2018 14:48
Школьнікі робяць дамашнюю работу часта да позьняй ночы.
pixabay.com/Public Domain CC0

У сацсетках пачалася акцыя «Я задаю разумна (Zadaję z sensem)». Гаворка ідзе пра заклік некалькіх настаўнікаў да сваіх калегаў па прафэсіі, каб яны разумна задавалі вучням дамашняе заданьне. Акцыю апісвае «Gazeta Wyborcza». Адзін з яе ініцыятараў, настаўнік гісторыі Яцэк Станішэўскі адзначае, што дзеці робяць дамашнюю работу часта да позьняй ночы, некаторыя прысьвячаюць вучобе больш часу, чым іх бацькі працы.

Гэта ня першы заклік нешта зьмяніць у сыстэме дамашніх заданьняў. Але раней з такімі заклікамі зьвярталіся бацькі або абаронца дзіцячых правоў, а не настаўнікі.
Па зьвестках Інстытуту адукацыйных дасьледаваньняў, 97% настаўнікаў лічыць дамашнюю работу неабходным элемэнтам вучобы. Большасьць ацэньвае, што вучні прысьвячаюць на дамашнюю работу ня больш за палову гадзіны ў дзень. На самой справе кожны трэці школьнік у анкеце казаў, што працуе дома як мінімум гадзіну.

Ініцыятары акцыі «Я задаю разумна» не зьбіраюцца ствараць шырокі рух, ладзіць пратэсты. Яны толькі хацелі б, каб у сацсетках паявілася плятформа для абмену думкамі, хочуць прыцягнуць да дыскусій вучняў, настаўнікаў, бацькоў, паколькі кожны з бакоў па-свойму глядзіць на справу. Гаворка ідзе не пра тое, каб дамашняга заданьня не задаваць зусім, але каб задумацца, дзеля чаго яно служыць і ці выконвае сваю ролю.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт