Трэба адмовіцца ад плястыкавых бутэлек, кубкаў...
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.09.2018 11:08
Калі нічога ня зьменіцца, то праз 30 гадоў у акіянах будзе больш плястыку, чым рыбы.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
«Gazeta Wyborcza» друкуе інтэрвію з дырэктарам брытанскага аддзяленьня арганізацыі Грынпіс па пытаньнях акіянаў Уілам Мккалумам (Will Mccallum). Ён займаецца дасьледаваньнем акіянаў, але напісаў кніжку аб тым, якім чынам людзі павінны паступаць, каб у прыроду трапляла як мага менш плястмасы, якая застаецца ў вадзе акіянаў. Дасьледчык кажа, што калі так далей пойдзе, то праз 30 гадоў у акіянах будзе больш плястыку, чым рыбы. Цэлыя пляжы засыпаныя сьмецьцем, у Ціхім акіяне вырасла выспа сьмецьця памерамі ў тры разы больш, чым Францыя, кішэчнік 90% птушак напоўнены плястыкам, у выніку чаго птушкі ня могуць есьці і гінуць.
Людзі зьмянілі сваё навакольнае асяродзьдзе, немагчыма ўжо вярнуцца да таго, што было сто гадоў таму, але барацьба ідзе за тое, каб не пагоршыць сытуацыі. Пакуль што мы можам яшчэ бачыць прыроду, хоць і засьмечаную, але калі нічога ня зьменіцца, то неўзабаве ўбачым толькі сьмецьце. Што могуць зрабіць звычайныя людзі? Перш за ўсё адмовіцца ад вады ў плястыкавых бутэльках. У адной толькі Вялікабрытаніі прадаецца 35 млн. бутэлек кожны дзень, толькі палова ідзе на паўторную перапрацоўку. Чатыры галоўныя крыніцы сьмецьця – гэта аднаразовыя бутэлькі, мяшочкі, кубачкі на каву і саломкі. Калі нам удасца адмовіцца ад іх выкарыстаньня, гэта ўжо будзе перамога. Наступнае – вільготныя сурвэткі. У Лёндане рэчышча ракі зьмяніла свой выгляд з-за тонаў сурвэтак, якія ляжаць на дне. Людзі ня ведаюць, што яны зробленыя з сынтэтыкі і кідаюць іх ва ўнітаз.
Gazeta Wyborcza/нг