Доўгатэрміновая дыета (больш чым 6 гадоў) з нізкім і вельмі нізкім утрыманьнем вугляводаў (менш за 215 г у дзень) наносіць шкоду здароўю і скарачае жыцьцё, аб гэтым сьведчаць дасьледаваньні прафэсара Мацея Банаха і яго каманды.
З вынікамі дасьледаваньня прафэсар Банах, дырэктар шпіталя «Цэнтар здароўя Маці полькі» ў Лодзі пазнаёміў на кангрэсе Эўрапейскага таварыства кардыёлягаў, які надоечы праходзіў у Мюнхэне.
«Мы выкарысталі дадзеныя, сабраныя за гады 1999-2010 у рамках дасьледаваньняў у ЗША. Гэтыя дасьледаваньні доўжыліся больш за 6 гадоў і ахапілі 25 тысяч чалавек», – паведаміў прафэсар Банах.
Польскія спэцыялісты прааналізавалі амэрыканскія дадзеныя й зрабілі выснову, што працяглая дыета зь вельмі нізкім утрыманьнем вугляводаў на 32% павялічвае агульную сьмяротнасьць (па розных прычынах). У выпадку анкалягічных захворваньняў рызыка сьмерці расьце прыкладна на 36 працэнтаў, а рызыка сьмерці з-за сардэчна-сасудзістых захворваньняў, у тым ліку інфаркту й інсульту, павялічваецца на 50 адсоткаў.
Харчаваньне з нізкім утрыманьнем вугляводаў у апошнія гады стала вельмі папулярным у многіх краінах, у тым ліку ў Польшчы, асабліва сярод тых людзей, якія хочуць схуднець.
Прафэсар Банах прызнае, што гэтая дыета дапамагае скінуць вагу. «Гэта таксама дазваляе зьнізіць узровень цукру й тлушчаў у крыві, зьніжае таксама стэатоз печані (гепатоз). Але яна ня можа выкарыстоўвацца больш чым 6-12 месяцаў».
Вугляводы ўтрымліваюцца ў цукры, хлебе, макароне, агародніне й садавіне. Чалавек, які ня есьць салодкага, але салодзіць каву ці гарбату, за дзень спажывае 350-400 г вугляводаў. Так што 215 г – гэта вельмі мала.
Прафэсар Банах адзначае, што шкодныя наступствы для здароўя нясуць усе віды абмежавальнай дыеты, якія заключаюцца ў ліквідацыі пэўных пажыўных рэчываў. Ён дадае, што лішак некаторых элемэнтаў таксама шкодны, так як і шкоднай можа быць празьмерная фізкультурная нагрузка.
Збігнеў Войтасіньскі/яс