За акном лета, сьпякота, сонца, а я наперакор такому надвор’ю выбрала песьню пра сьнег і зіму, можа яна хаця б крышку нас ахалодзіць.
Гераіня нашай сёньняшняй перадачы, Маніка Божым (Monika Borzym) нарадзілася ў 1990 годзе, атрымлівала ў Варшаве адукацыю ў пачатковай музычнай школе па клясе фартэпіяна, пазьней на год выехала разам з бацькамі ў ЗША, дзе працягвала адукацыю і сьпявала ў хоры. Вярнуўшыся ў Польшчу, паступіла на факультэт песьні і джазавага вакалу Комплексу музычных школ імя Фрыдэрыка Шапэна. У той час упершыню выступіла на музычным фэстывалі, атрымала ўзнагароду.
Пераломным момантам у кар’еры Манікі Божым было атрыманьне стыпэндыі Ўнівэрсытэту ў Маямі, дзе вучылася джазавай музыцы ад вядомых джаз-выканаўцаў. Падчас фэстывалю Jazz Jamboree ў 2009 годзе яна была адзінай польскай музыканткай і адзінай жанчынай, якую славуты кампазытар і музыкант Міхал Урбаняк запрасіў выступіць падчас канцэрту ў варшаўскай Залі кангрэсаў.
Маніка Божым выдала ўжо чатыры сольныя кампакт-дыскі, брала ўдзел у падрыхтоўцы кампазыцый таксама для кампактаў іншых музыкантаў, між іншым Ежы Васоўскага.
На дадзены момант джазавая вакалістка жыве з мужам у ЗША, у Лос-Анжэлесе. А вашай увазе яе кампазыцыя, якая называецца «Świat w proszku» (Сьвет у парашку).
Za lustrem biały puch, w proszku jest świat
Mróz łapie senniejszą z traw
Melodię nuci do snu, snu z pustych łat
Cichutko, jakby się bał
Bo on kochanie, on widział nasz taniec
Podmuchem więc schłodził, co zostało z nas
Ten pył, ten pyłek zły
Nic prócz śniegu, nic
Proszę idź
Na lustrze znów biały puch, w proszku świat
Biel budzi tak wiele barw
Pod mostem, na moście, my znów – mamy sens
Bo sypie się nocy rtęć
A my kochanie, my wciąż w bałaganie
I nie myśl co rankiem, co zostanie z nas
Ten pył, ten pyłek zły
Jak bez śniegu żyć?
Tylko śnić?
За люстрам белы пух, у парашку ўвесь сьвет. Мароз хапаецца за самую сонную траву, мэлёдыю напявае да сну, сну з пустых латаў. Ціхенька, быццам бы баіцца.
Бо ён, дарагі, ён бачыў наш танец. І таму ахаладзіў сваім дыханьнем тое, што ад нас засталося. Гэты пыл, гэты дрэнны пыл. Нічога, акрамя сьнегу, нічога. Калі ласка, ідзі.
На люстры зноў белы пух, у парашку сьвет, белата разбуджвае так шмат колераў. Пад мостам, на мосьце, мы зноў – маем сэнс, бо сыплецца ночы ртуць.
А мы, дарагі, мы ўсё яшчэ ў бязладзьдзі. І ня думай, што раніцай, што застанецца ад нас. Гэты пыл, гэты дрэнны пылок. Як жыць бязь сьнегу? Толькі сьніць?
W proszku jest świat – сьвет у парашку. Гэты сказ можна зразумець па-рознаму. Калі гаворка ідзе пра сьнежную ноч, то сьвет у парашку можна азначаць сьвет, пакрыты сьнегам, які падобны да белага парашку. Але ў мяне першая асацыяцыя з супамі ў парашку. Усе ведаюць такія сухія супы або соўсы ў парашку, у пакеціку. У Польшчы такое харчаваньне асацыюецца са штучнай ежай, ненатуральнай, у якую дабаўлена шмат хіміі, таму і «сьвет у парашку» можа азначаць ненатуральны сьвет, штучны. Цікава, што пару дзясяткаў гадоў таму такія супы ў пакеціку былі таксама ў Савецкім Саюзе, але цяпер людзі мяркуюць, што ў іх не было хімічных дабавак, адны толькі натуральныя інгрэдыенты. Сапраўды, тады ежа была менш насычаная хіміяй, чым цяпер, але ці была больш карысная для здароўя? Малаверагодна.
Melodię nuci do snu – мэлёдыю напявае да сну. Nucić нейкую песьню – гэта ціхенька яе напяваць. Бадай, кожны з нас часам напявае нейкую кампазыцыю, якая яму спадабалася, нават калі няма ў яго музычнага таленту.
Ten pył, ten pyłek zły – гэты пыл, гэты дрэнны пылок. Па-польску pył – гэта таксама беларускі пыл, а вось маленькі пыл (pyłek) – гэта або пылінка, або кветкавы пылок, ад якога многія людзі чхаюць (калі ў іх алергія на кветкавы пылок).
My, kochanie, my wciąż w bałaganie – мы, дарагі, усё яшчэ ў бязладзьдзі. Выраз kochanie можа азначыць як мужчыну, так і жанчыну (дарагі, дарагая, любімы, любімая).
нг