Logo Polskiego Radia
Print

Роварны травень у Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.05.2018 15:15
Палова пачатковых школ сталіцы прымае ўдзел у акцыі.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо палова варшаўскіх пачатковых школ удзельнічае ў ініцыятыве, якая называецца «Роварны травень». Пра сёлетнюю акцыю паведамляе «Gazeta Wyborcza». А заключаецца яна ў тым, што вучні цягам усяго месяца прыяжджаюць у школу на ровары, самакаце, скэйтбордзе ды падобных сродках транспарту. За кожны дзень удзелу ў акцыі вучні атрымліваюць наклейкі. Дзеці спаборнічаюць у клясах, хто найменш карыстаецца аўтамабілем і гарадзкім транспартам, клясы і цэлыя школы таксама спаборнічаюць паміж сабою. У акцыі прымае ўдзел 112 варшаўскіх школ.

Тры школы, якія перамогуць у спаборніцтве, атрымаюць каштоўныя ўзнагароды: стаянку для ровараў пад дахам альбо трэніровачную пляцоўку дарожнага руху. Усе найлепшыя клясы атрымаюць запрашэньне на экскурсію па варшаўскім стадыёне Легіі і на сустрэчу з футбалістамі, візыт на Біржы каштоўных папер, змогуць таксама паўдзельнічаць у калектыўнай гульні ў краме ІКЕА.

Інаўгурацыя акцыі адбылася ўчора ў адной са школаў варшаўскага раёну Ахота. На ўрачыстасьць прыбылі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў, між іншым віцэ-прэзыдэнт Варшавы Рэната Казноўска, якая адзначыла, што сёлета акцыі спрыяе нават надвор’е – травень прывітаў нас сонцам і цеплынёй. А дзеці казалі, што яны ахвотна езьдзяць у школу на ровары ці самакаце ня толькі вясной і летам, але нават зімой. У сваю чаргу бургамістар Ахоты Катажына Лэнгевіч сама прыехала на ровары.

У акцыі прымаюць удзел ня толькі вучні. Многія настаўнікі бяруць з іх прыклад і прыяжджаюць на працу на ровары, а таксама з самай раніцы дзяжураць каля школы, каб памагчы дзецям прыпаркаваць ровары.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт