Беларускае міністэрства адукацыі ў мінулым годзе вызначыла максымальны час, які вучні павінны прызначаць на выкананьне дамашняга заданьня. У залежнасьці ад клясы, гэта ад паўтары да трох гадзін. У сваю чаргу ў Польшчы няма падобных нормаў, а ўсё больш бацькоў перакананыя, што дамашніх заданьняў павінны быць менш або агулам ня быць.
Згодна беларускім санітарным нормам і правілам, дамашняе заданьне вучнямі 2-х клясаў павінна выконвацца не больш як 1,2 гадзіны, 3-4-х клясаў – 1,5 гадзіны. У 5-6-х клясах дамашняя работа павінна займаць ня больш за 2 гадзіны, у 7-8-х – ня больш за 2,5 гадзіны, у 9-11-х клясах – ня больш за 3 гадзіны. Першаклясьнікі вучацца без заданьняў дадому.
У сваю чаргу польскія школьнікі праводзяць у сярэднім дзьве гадзіны ў дзень, выконваючы дамашнія заданьні. Акрамя таго, многія вучні старэйшых клясаў маюць у раскладзе ўрокаў па 7, а нават часам і 8 урокаў у дзень. Атрымліваецца, што на адпачынак або іншыя, чым школьныя, заняткі, не застаецца ўжо шмат часу, бо школьнікі праводзяць у школе і на выкананьні хатняга заданьня больш часу, чым дарослыя на працы.
Вучні: Няма ў мяне свабоднага часу.
Усё залежыць ад таго, які гэта дзень, ці ў мяне сем урокаў, ці восем, ці ёсьць нейкія дадатковыя заняткі пасьля ўрокаў, ці заўтра будзе кантрольная работа.
Таксама залежыць ад таго, ці хтосьці ходзіць на дадатковыя заняткі. Калі так, то ў яго сапраўды няма ўжо часу ні на што.
Празьмерная нагрузка на вучняў з боку польскай школы – гэта ня новая праблема. Бацькі зьвяртаюцца з гэтым пытаньнем да амбудсмэна правоў дзяцей. Гаворыць прэс-сакратар амбудсмэна Бэата Сабаціньска.
Б. Сабаціньска: Мы атрымлівалі лісты ад вучняў і бацькоў аб тым, што з дамашнім заданьнем нешта не ў парадку. Не павінна быць так, што дзеці да позьняга вечара робяць дамашняе заданьне, і яшчэ пры дапамозе бацькоў.
Таму амбудсмэн неаднойчы зьвяртаўся з гэтай праблемай у Міністэрства адукацыі.
Б. Сабаціньска: Амбудсмэн тры разы зьвяртаўся да міністра нацыянальнай адукацыі па пытаньні дамашняга заданьня. Пані міністар мяркуе, што гэтую праблему неабходна вырашаць у школе, паколькі дамашняе заданьне – гэта прылада настаўнікаў. І менавіта настаўнік вырашае, якім чынам наладзіць працэс адукацыі.
Бацькі вырашылі не чакаць, калі дзяржава вызначыць канкрэтныя нормы, а самім паклапаціцца пра правы дзяцей. Група, якая згуртавалася ў адной з сацсетак, стварыла адмысловы профіль пад назваю «Дом – гэта не філіял школы». Гаворыць арганізатар акцыі Марыюш Смулковіч.
М. Смулковіч: На гэтым профілі мы выклалі ўзор заявы-звароту, у якім бацька піша, што ён не выражае згоды, каб школа распараджалася свабодным пасьля ўрокаў часам яго дзіцяці. Мы хочам, каб бацькі ведалі, што нават пры актуальных нормах і законах, мы, бацькі, маем права не згаджацца з такой сытуацыяй.
Дамашняе заданьне патрэбнае. Яно дазваляе паўтараць матэрыял, – пераконвае дырэктар варшаўскай пачатковай школы нумар 25 Томаш Зевец.
Т. Зевец: Яшчэ ў старажытнасьці зразумелі, што паўтор матэрыялу – гэта аснова вучэньня. Тое, што мы называем дамашнім заданьнем, гэта на самой справе паўтор матэрыялу з урокаў, практыкаваньні, каб веды засвоіць.
Настаўнікі перакананыя, што немагчыма рэалізаваць школьную праграму без задаваньня дамашняга заданьня. Інакш мяркуе Бэата Сабаціньска, якая ў якасьці прыкладу прыводзіць пачатковую школу нумар 323 у Варшаве, дзе не задаюць дамашняга заданьня.
Б. Сабаціньска: Праўда, спадарыня дырэктар падкрэсьлівае, што ў іх няма абавязковага дамашняга заданьня. Аднак ёсьць дамашняе заданьне, якое вучні самі сабе выбіраюць і выконваюць добраахвотна. І такая праца самая лепшая, яна на самой справе пашырае веды, не забівае крэатыўнасьці, заахвочвае дзяцей самастойна працаваць, вучыць супрацоўнічаць з іншымі. Гэта значыць, мае ўсе пазытыўныя аспэкты, якімі павінна адзначацца дамашняе заданьне.
Як гэта выглядае на практыцы, тлумачыць дырэктарка школы Ваіялета Кшыжаноўска.
В. Кшыжаноўска: Калі вучань сам хоча зрабіць нешта дома, то ён прымае рашэньне. Настаўнік прапануе практыкаваньні, якія вучні могуць, калі хочуць, зрабіць дома. Гэта матывуе вучняў сьвядомым чынам прымаць рашэньне, у выніку атрымліваецца школа без абавязковага дамашняга заданьні. Дзеці любяць такую школу і адчуваюць сябе шчасьлівымі.
Да акцыі «Дом – гэта не філіял школы» далучаецца ўсё больш бацькоў. Неўзабаве яны намераны падаць адмысловую пэтыцыю ў Міністэрства адукацыі.
нг