Ужо два мільёны палякаў захварэлі на грып
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.02.2018 14:55
Лекары раяць як мага часьцей мыць рукі і пазьбягаць вялікага скапленьня людзей.
www.pixabay.com
З пачатку кастрычніка, калі пачаўся сэзон грыпу, на гэтую хваробу захварэла каля двух мільёнаў палякаў – паведамляе «Gazeta Wyborcza». Толькі на мінулым тыдні захварэла 260 тыс. чалавек, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў за апошнія гады. Шмат людзей хварэе ў цэнтральнай частцы краіны, а таксама на поўначы ды поўдні. Звыш паловы хворых складаюць дзеці. Усюды да лекараў стаяць доўгія чэргі, а дактары не пасьпяваюць прымаць хворых. У некаторых шпіталях ужо пачынае бракаваць месцаў, каб прымаць новых пацыентаў.
Па прычыне грыпу ў бальніцы па ўсёй Польшчы трапіла каля тысячы чалавек, ёсьць сьмяротныя выпадкі. Кардыёляг доктар Эва Кандрацка кажа, што цяпер яна лечыць групу пацыентаў, у якіх здарыўся інфаркт падчас віруснай інфэкцыі. А гэта яшчэ не канец сэзону, паколькі пік захворваньняў прыходзіцца на канец лютага-пачатак сакавіка.
Адмыслоўцы кажуць, што палякі самі вінаватыя, паколькі вельмі мала людзей робіць прышчэпку ад грыпу. Нам здаецца, што гэта вядомая хвароба, якая паяўляецца кожны сэзон, у нас няма ведаў на тэму ўскладненьняў. Грып можа прывесьці да інваліднасьці, а нават сьмерці.
Самыя частыя ўскладненьні – гэта запаленьне лёгкіх і бронхаў, запаленьне сэрца, праблемы з ныркамі, а ў цяжарных жанчын – выкідышы. Кожны год на грып хварэюць мільёны палякаў, але Польшча надалей застаецца на апошнім месцы ў Эўропе па колькасьці прывітых асобаў. У мінулым сэзоне прышчэпку зрабіла толькі 3,3% папуляцыі.
Gazeta Wyborcza/нг