У Варшаве сустрэнуцца вядомейшыя астрафізыкі сьвету
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
06.07.2017 15:18
У польскай сталіцы адзначаць юбілей буйнога астранамічнага праекту.
Photo: pixabay.com
24 ліпеня ў Варшаве пачнецца сьвяткаваньне 25-х угодкаў праекту OGLE. З гэтай нагоды ладзіцца міжнародная навуковая канфэрэнцыя, патранат над якой узяў Камітэт па астраноміі Польскай акадэміі навук.
Што такое OGLE? Гэта абрэвіятура ад ангельскай назвы праекту Optical Gravitational Lensing Experiment.
OGLE - гэта самы буйны польскі дасьледчы астранамічны праект, які рэалізуецца ўжо 25 гадоў. Першапачатковай мэтай былі пошукі зьяў гравітацыйнага мікралінзіраваньня для таго, каб растлумачыць, што гэта такое цёмная матэрыя ў космасе. У выніку дасьледаваньняў былі выяўленыя новыя астранамічныя зьявы. Праект зьмяніў, а ў некаторых выпадках даў пачатак новай галіне астрафізыкі й астраноміі. Ва ўсіх абшарах вядучы ўдзел мае прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта Анджэй Удальскі.
За 25 гадоў дзякуючы польскім назіраньням у амэрыканскай астранамічнай абсэрваторыi ў Чылі навукоўцы пашырылі веды аб экзаплянэтах, квазарах, Млечным Шляху й суседніх галяктыках – Магелянавых воблаках.
Адзначым, што абсэрваторыя ў Ляс-Кампасе была абраная невыпадкова: прыкладна 300 бязвоблачных дзён у год дазваляюць максымальна выкарыстоўваць магчымасьці абсэрваторыі.
Пра ўдзел у варшаўскай канфэрэнцыі, прымеркаванай да 25-га юбілею праекту OGLE, заявілі знакамітыя астрафізыкі з усяго сьвету.
Мерапрыемства пройдзе 24-28 ліпеня ў Варшаве.
Эфірны выпуск перадачы Навука й тэхніка у далучаным файле
яс