Logo Polskiego Radia
Print

Пачаўся сэзон дыет: якім чынам найлепш худзець

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.06.2017 09:06
  • дыета.mp3
Худзець неабходна разважліва, найлепш пад назіраньнем лекара або дыетоляга.
фото: pixabay.com

Прыйшло лета, вопраткі на нашых целаў усё менш, і многія людзі заўважаюць, што некаторыя летнія рэчы на іх проста не зьмяшчаюцца. І таму часта прымаем рашэньне: пахудзець! Многія, зразумела, хацелі б найлепш пахудзець як мага хутчэй, каб пасьпець да пляжнага сэзону скінуць 5, 10 або і больш кіляграмаў. Дыетолягі аднак пераконваюць, каб рабіць гэта паступова і разумна.

Пахудзець, падобным чынам, як кінуць курыць, вельмі проста, многія рабілі гэта па многа разоў. Гэта, канешне, жарт, але ў яго ўкладзена праўда пра дыеты: вельмі рэдка людзям удаецца пахудзець і доўга захаваць ніжэйшую вагу. Усім вядома, у чым заключаецца эфэкт ё-ё: пасьля пахудзеньня вага хутка вяртаецца, і нават зь лішкам.

Калі ў кагосьці назіраецца празьмерная вага, то худзець трэба, як для лепшага самаадчуваньня, вонкавага выгляду, так і для здароўя. Але неабходна гэта рабіць разважліва, найлепш пад назіраньнем лекара або дыетоляга, – гаворыць псыхадыетоляг, трэнэр здароўя Марта Паўлоўска.

М. Паўлоўска: Калі камусьці празьмерныя кіляграмы перашкаджаюць, трэба падумаць пра дыету. Мы часта забываем, што працэс пахудзеньня праходзіць ня толькі празь страту масы цела, але ён уплывае таксама на ўнутраныя працэсы арганізму. Галаданьнем, монадыетай можна поўнасьцю разрэгуляваць абмен рэчываў. У выніку можа зьнікнуць пачуцьцё голаду або пачуцьцё насычанасьці. Акрамя таго, могуць пачацца праблемы з кішэчнікам, кішэчнай флёрай, могуць паявіцца алергіі на некаторыя прадукты, якіх раней не было. Калі галадоўка працягваецца даўжэй, то можа аслабець імунная сыстэма, пачнуць выпадаць валасы, раздвойвацца пазногці, могуць паявіцца раны на целе.

Унутраныя органы таксама пакутуюць ад доўгай монадыеты. Яна можа дрэнна ўплываць на працу печані, падстраўнікавай залозы, іншых органаў. Рэзкая і хуткая страта кіляграмаў нэгатыўна ўплывае таксама на выгляд скуры.

М. Паўлоўска: Калі скура рэзка страчвае масу, яна таксама губляе каляген, вітаміны і мікраэлемэнты. Скура пачынае правісаць, абвісаюць грудзі, ягадзіцы. Пагаршаецца таксама якасьць скуры, паяўляецца псарыяз, які цяжка вылечыць. Могуць пачацца сур’ёзныя праблемы з суставамі. Скура на твары вельмі хутка адчувае пахудзеньне, правісаюць шчокі, паяўляецца ўсё больш маршчынак. Асабліва гэта відаць у жанчын. Так што хуткае пахудзеньне – гэта вораг жанчын.

Многія ведаюць, што нельга худзець рэзка і па-дурному, неабходна да гэтага працэсу падрыхтавацца. Але доўгая падрыхтоўка таксама можа быць своеасаблівай пасткай: калі мы доўга пра нешта думаем, то нашаму арганізму пачынае здавацца, што ў нас нешта забіраюць, яму ніколі ўжо нельга будзе сытна і смачна пад’есьці.

М. Паўлоўска: Мы ў вялікай ступені ядзім мозгам. Калі мы вырашаем: у панядзелак «сядаю» на дыету, ня буду есьці таго і таго, то арганізм пачынае рыхтаваць запасы, быццам бы ідзе на вайну, бо ён рыхтуецца да цяжкіх часоў. Мы аўтаматычна пачынаем есьці больш і тлусьцей. Таму найлепш пераходзіць на дыету паступова, не «ад панядзелку». Напрыклад, на тыдзень адмовіцца ад салодкіх прадуктаў, ад алькаголю, у чарговы тыдзень адмовіцца ад макарону, белага хлеба і гэтак далей. Канешне, калі б мы маглі прысьвяціць увесь час і ўвагу толькі дыеце, то можна было б і пагаладаць некалькі дзён. Але ж большасьць з нас працуе, мы – жонкі і маці.

Амаль усе жанчыны час ад часу сядаюць на дыету, акрамя тых шчасьлівых, якія зусім не таўсьцеюць. Рынак хутка адрэагаваў на гэтую моду, як грыбы пасьля дажджу паяўляюцца кампаніі, што прапануюць выкупіць паслугу, якая заключаецца ў дастаўцы кожны дзень харчаваньня ў рамках акрэсьленай дыеты. Такая дыета можа быць добрай, але пры ўмове, што мы старанна праверым фірму, якая будзе дастаўляць нам харчаваньне, і што яна не працягваецца даўжэй, чым некалькі тыдняў.

Многія асобы, якія хацелі б пахудзець, пытаюць дыетоляга, колькі кіляграмаў можна скінуць бясьпечна за адзін месяц. Па словах Марты Паўлоўскай, гэта залежыць ад пачатковай вагі. Калі ў кагосьці адносна невялікі лішак кіляграмаў, то, нават калі няма сур’ёзных праблем са здароўем, ён не павінен страчваць больш, чым 1-1,5 кіляграма ў месяц. Найлепш худзець паступова, павольна, гэта карысьней для здароўя і для зьнешняга выгляду.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт