Расьлінная дыета дазваляе збудаваць цяглічную масу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.05.2017 14:26
Польскія газэты апісваюць розныя магчымасьці зарабляць грошы, у тым ліку на фітнэсе.
www.pixaby.com
Прыйшла вясна, многія людзі ў гэты час пачынаюць інтэнсіўна трэніраваць сваё цела, каб добра выглядаць на пляжы і ў летняй вопратцы. Выданьне «Puls Biznesu» апісвае розныя магчымасьці зарабляць грошы, у тым ліку на фітнэсе. Шыман Урбан працаваў пэрсанальным трэнэрам у варшаўскіх фітнэс-клюбах, стварыў уласную сетку кліентаў. Ён заўважыў нішу на рынку – няма праграмаў фізычных практыкаваньняў для людзей на расьліннай дыеце. І вырашыў гэтую нішу запоўніць – заснаваў уласную фірму, якая займаецца прасоўваньнем ідэі вэганізму і дапамогай асобам на такой дыеце збудаваць цяглічную масу. Стаў пэрсанальным трэнэрам вэганаў.
Шыман спадзяваўся, што тэма можа выклікаць зацікаўленьне, але ня думаў, што такое вялікае. Цяпер у яго ўжо няма свабодных тэрмінаў, каб прымаць новых кліентаў. Па ягоных словаx, попыт у галіне фітнэсу мяняецца ў залежнасьці ад пары году. Пасьля Новага году прыбывае кліентаў, якія вырашаюць заняцца сабою, вясной таксама шмат людзей пачынае практыкавацца, каб вярнуць форму пасьля зімы, і ў верасьні, кастрычніку людзі вяртаюцца з адпачынкаў і таксама многія вырашаюць запісацца ў фітнэс-клюб.
Шыман Урбан заняты сем дзён у тыдзень. Займаецца з кліентамі ў клюбах, адказвае на карэспандэнцыю віртуальных падапечных, піша пляны практыкаваньняў і дыеты. Думае таксама пра тое, каб пашырыць дзейнасьць на замежжа, дзякуючы магчымасьці онлайн-трэніровак. У яго ёсьць ужо кантакт з кліентамі з Англіі або Аўстраліі. Трэнэр пераконвае, што, насуперак агульным перакананьням, можна збудаваць цяглічную масу на расьліннай дыеце.
Puls Biznesu/нг