Logo Polskiego Radia
Print

Замак у Рэшлі – жамчужына Варміі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.03.2017 13:11
  • Замак у Рэшлі.mp3
За гістарычную крэпасьць неаднойчы змагалася то польская, то тэўтонская армія.
Photo: by Wikipedia and Wikimedia Commons user Ludwig Schneider./pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Photo: by Wikipedia and Wikimedia Commons user Ludwig Schneider./pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0Photo: by Wikipedia and Wikimedia Commons user Ludwig Schneider. /pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Замак у Рэшлі (Reszel) разьмешчаны на беразе ракі Сайна (Sajna) на паўночным усходзе Польшчы. Будоўля ўзьнікла ў 1350-1401 гадах і цягам сваёй гісторыі неаднойчы бралася ў аблогу то польскімі, то тэўтонскімі войскамі. Замак у Рэшлі - гэта прыклад гэтак званых біскупскіх замкаў. У выніку дамоваў, заключаных у 1251 і 1255 гадах, аб’ект быў падзелены паміж Тэўтонскім ордэнам і біскупамі Варміі.

У XIX стагодзьдзі ў замку разьмяшчалася турма й толькі пасьля Другой сусьветнай вайны было вырашана аб буйнамаштабнай рэстаўрацыі гістарычнага аб’екта.

Да зьяўленьня тэўтонскіх рыцараў і вармінскіх біскупаў у рэгіёне Рэшля жылі прускія плямёны. У падмурку замка археолягі выявілі сьляды ўмацаваньняў. Хутчэй за ўсё ў XIII стагодзьдзі тэўтонцы выкарысталі іх дзеля будаўніцтва ўласнай крэпасьці. Той факт, што ў гэтым месцы існаваў град, пацьвярджае дакумэнт, выдадзены біскупам Варміі Ансэльмам 27 сьнежня 1254 году, калі была ўсталяваная мяжа паміж зямлёй біскупаў Варміі й тэўтонцамі.

Photo:
Photo: I, Antosh/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Хоць замак належаў біскупам Варміі, то ў сувязі з пагрозай з боку Прусіі з 1273 году ў ім дысьлякаваліся тэўтонскія войскі. Дарэчы, гэтыя асьцярогі не былі неабгрунтаванымі, паколькі ў 1260 годзе на гэтых землях успыхнула прускае паўстаньне. Аднак рыцары з замку ў Рэшлі не чакалі прускай аблогі, толькі спалілі крэпасьць і зьбеглі. Канчаткова да 1273 году паўстаньне было задушанае.

Пасьля вяртаньня ў Рэшэль тэўтонцы адбудавалі град, які ў гэтай форме праіснаваў, верагодна, да сярэдзіны XIV стагодзьдзя. Паколькі побач пачало разьвівацца паселішча, якое ў 1337 годзе атрымала гарадзкія правы, то яго абарона неўзабаве стала надзённай неабходнасьцю. Хутчэй за ўсё, першы быў пабудаваны замак біскупаў. Неўзабаве, горад, які вырас побач зь ім, быў спалучаны мурамі крэпасьці. Увесь комплекс рабіў уражаньне адзінай моцнай сыстэмы абароны.

Аднак нягледзячы на выдатныя ўмацаваньні замак у Рэшлі неаднойчы захоплівалі чужыя войскі. Шмат сьведчыць пра тое, што таксама польскія войскі захапілі яго не сустрэўшы асаблівага супраціву як у 1410, так і ў 1414 гадах. Магчыма, дзякуючы гэтаму аб’ект ня быў тады сур'ёзна пашкоджаны.

Photo:
Photo: I, TBS/pl.wikipedia.org/CC BY 2.5

Падчас Трынаццацігадовай вайны горад разам з замкавай камандай далучыўся да Прускага зьвязу - канфэдэрацыі гарадоў і шляхты Гданьскага Памор'я, якая выступала супраць улады Тэўтонскага ордэна. Аднак у 1455 годзе гістарычны комплекс здабылі тэўтонцы. Яны распараджаліся ім да 1462 году, а пазьней перадалі яго тагачаснаму хаўрусьніку, біскупу Варміі Паўлу Легендорфу (Paweł Legendorf). Падчас вайны біскуп паўторна перайшоў на польскі бок і Рэшэль стаў месцам дысьлякацыі польскіх войскаў.

Падчас апошняй польска-тэўтонскай вайны ў 1519-1521 гадах біскуп Варміі без барацьбы аддаў польскім войскам свае замкі.

Photo:
Photo: This image/photo was taken by Wikipedia and Wikimedia Commons user Ludwig Schneider./pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У 1594-1597 гадах па ініцыятыве кардынала Анджэя Баторыя (Andrzej Batory), пляменьніка караля Стэфана Баторыя, крэпасьць была пераробленая ў рэзыдэнцыю біскупаў. Замак канчаткова страціў сваё ваеннае значэньне. Сюды часта прыбывалі чарговыя біскупы Варміі.

Замак, як і многія іншыя, быў разбураны ў эпоху польска-швэдзкіх войнаў. Швэды, якія былі пратэстантамі, ахвотна рабавалі маёмасьць Каталіцкага касьцёла ў Эўропе. Наступныя стагодзьдзі не прынесьлі аднаўленьня багацтва крэпасьці біскупаў Варміі.

Пасьля першага падзелу Польшчы каралі Прусіі стварылі ў замку турму, а таксама склад збожжа й сьпірту. У выніку двух пажараў, якія ўспыхнулі ў 1806 і ў 1807 гадах, замак і горад былі сур’ёзна пашкоджаныя.

У 20-х гадах ХIХ стагодзьдзя ў паўднёвай частцы гістарычнага аб’екту была наладжаная пратэстанцкая сьвятыня. Усходняя частка комплексу была разабраная да вышыні муроў. Замураваныя былі шэраг вокнаў і дзьвярэй. Абаронныя муры, уязная брама й вежы ў паўночна-заходнім частцы таксама былі разабраныя. Усё гэта рашуча паўплывала на экстэр’ер крэпасьці.

Photo:
Photo: tomasz przechlewski/flickr.com/Commercial use allowed

Праца па рэканструкцыі замка пачалася толькі ў міжваенны пэрыяд і зь перапынкамі працягваецца да гэтага часу.

У цяперашні час у рэшэльскім замку зьмяшчаецца, між іншым, філіял Музэя Варміі й Мазураў у Ольштыне, а таксама гатэль і рэстаран.

pl.wikipedia.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт