Logo Polskiego Radia
Print

Польскія лекары перасадзілі за год звыш 100 сэрцаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.01.2017 15:12
  • перасадкі.mp3
Трансплянтацыя органаў часта дае хворым шанец распачаць новае другое жыцьцё.
www.pixabay.com

Сучасная мэдыцына здольная праводзіць апэрацыі, якія яшчэ ня так даўно знаходзіліся ў сфэры фантастыкі. Напрыклад, нядаўна ўвесь сьвет абляцела інфармацыя, што мэдыкі рыхтуюцца да поўнай трансплянтацыі галавы. У такой сытуацыі «звычайныя» перасадкі нырак або сэрца сталі ўжо абыдзеннымі. А польскія ўрачы, якія робяць такія апэрацыі, нядаўна адзначылі сваё сьвята.

26 студзеня ў Польшчы адзначаецца сьвята трансплянтацыі ў гадавіну першай пасьпяховай перасадкі ныркі ў 1966 годзе. Трансплянтацыя органаў часта дае хворым шанец распачаць другое жыцьцё. Часам гэта адзіная магчымасьць застацца ў жывых, калі іншыя мэтады лячэньня ўжо вычарпаныя, а орган перастае працаваць.

Як палякі адносяцца да праблемы перасадкі органаў, ці яны падыходзяць да справы з поўным зразуменьнем, ці ўсё ж такі неабходна яшчэ праводзіць адукацыйныя кампаніі, каб тлумачыць людзям, на колькі важная гэта галіна мэдыцыны. Гаворыць прафэсар Марыян Зэмбаля з аддзяленьня кардыяхірургіі і трансплянтацыі Сілескага мэдычнага ўнівэрсытэту.

М. Зэмбаля: Ніколі ня будзе надта шмат зразуменьня хворых, якім жыцьцёва неабходны новы орган. Ныркі, сэрца, лёгкія, печань такіх хворых перасталі працаваць, яны дайшлі да сьцяны, далей толькі сьмерць, або перасадка. Лекары пастаянна павінны казаць пра такіх людзей, ім вельмі патрэбная падтрымка і ўладаў, і грамадзтва. Трэба падтрымліваць хворых, якім гэтая падтрымка проста неабходная.

Паводле статыстычных дадзеных, у Польшчы раз у пяць дзён памірае чалавек, якому не ўдалося дачакацца перасадкі. Гэта азначае, што не хапае донараў для трансплянтацыі. Чаму так адбываецца? Прычына – страх, адсутнасьць ведаў, стэрэатыпы, ці нешта іншае?

М. Зэмбаля: Праўда такая, што, каб уратаваць адно жыцьцё, нехта павінен загінуць, паколькі органы як правіла лекары бяруць ад асоб, што трагічна загінулі. Шок, недавер да лекараў часам стрымлівае блізкіх ад згоды на выкарыстаньне органаў. Тым ня менш, мэдычныя кансыліюмы цяпер з поўнай адказнасьцю прымаюць рашэньне пра мазгавую сьмерць. Я нагадаю, што сусьветныя аўтарытэты заклікаюць падтрымліваць перасадкі, у тым ліку каталіцкі касьцёл. Нагадаю словы папы рымскага Яна Паўла 2, які казаў, што «Трансплянтацыя зьяўляецца вялікім крокам наперад у службе чалавеку».

Як у Польшчы выглядае трансплянтацыя? Колькі перасадак удалося зрабіць польскім лекарам у мінулым годзе?

М. Зэмбаля: Мінулы год стаў годам істотнага прагрэсу. Нам удалося выратаваць больш хворых, чым раней – лекары правялі амаль 1600 перасадак. Неабходна падзякаваць ня толькі хірургам, але і дактарам іншых спэцыяльнасьцяў. Каля тысячы новых нырак атрымалі хворыя, якія да гэтага былі прымушаныя тры разы ў тыдзень езьдзіць на дыялізы, а цяпер вяртаюцца да нармальнага жыцьця. Тут трэба перш за ўсё падкрэсьліць ролю клінік у Варшаве і Катавіцэ. Былі таксама перасадкі лёгкіх, падстраўнікавай залозы, 317 дарослых і дзяцей атрымала новую печань. І ўдалося нам дасягнуць здаўна чаканую лічбу перасаджаных сэрцаў – 101 орган.

Не заўсёды хворым удаецца дачакацца органу ад донара. Але і тады, калі такі орган паявіцца, відаць, гэта не дае гарантыі вяртаньня да поўнага здароўя. Як вы ацэньваецца эфэктыўнасьць перасадак органаў?

М. Зэмбаля: Эфэктыўнасьць трансплянтацыі ў Польшчы можна параўнаць з эфэктыўнасьцю перасадак органаў у добрых шпіталях да мяжою. Гэта магчыма дзякуючы ня толькі добрай арганізацыі працы, але таксама мэдычным аўтарытэтам, усяму асяродзьдзю, добрай праграме, актыўнай працы ўстановы, якая займаецца пошукам донараў – Польтрансплянту. Аднак нельга забываць, што вельмі шмат залежыць ад самога хворага. Калі ён пасьля апэрацыі перасадкі органа вяртаецца, не дай Божа, да алькагалізму, да цыгарэт, то шанцы на здаровае жыцьцё рэзка зьмяншаюцца. На шчасьце, гэта здараецца рэдка. У сваю чаргу нас, лекараў, радуе і зьдзіўляе тое, што людзі пасьля перасадак з двайной энэргіяй бяруцца за дапамогу іншых людзям.

Пакуль што не ўдалося дасягнуць павышэньня колькасьці перасадак нырак ад жывых донараў. У Польшчы адсотак такіх апэрацый складае толькі 5%, калі ў ЗША – 30%, а ў Галяндыі прыкладна палова ўсіх перасадак нырак адбываецца ад жывых донараў. Таксама ў Беларусі ды ва Ўкраіне праводзяць больш такога тыпу перасадак у пераліку на мільён жыхароў, чым у Польшчы.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт