Logo Polskiego Radia
Print

Каб быць супэрбабуляй, можна запісацца ў школу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.01.2017 13:55
  • 24-супэрбабуля.mp3
Многія пажылыя людзі хочуць зразумець маладое пакаленьне, знайсьці з ім паразуменьне.
pixabay.com/Public Domain CC0

У мінулыя выходныя жыхары Польшчы адзначалі Дзень бабулі і Дзень дзядулі (21 і 22 студзеня). Паводле статыстычных дадзеных, гэтае сьвята адзначаюць 75% людзей, старэйшых за 50 гадоў. У сярэднім яны могуць разьлічваць на пажаданьні ад траіх унукаў. А некаторыя польскія бабулі і дзядулі ідуць у нагу з часам і запісваюцца ў адмысловую школу.

Паводле інфармацыі, якая прагучала толькі што, большасьць палякаў, старэйшых за 50 гадоў, мае ўнукі. Што цікава, паводле статыстыкі, яны могуць пахваліцца трыма ўнукамі, гэта на аднаго ўнука больш, чым у такіх заходніх краінах, як Гішпанія або Грэцыя. А бабулі і дзядулі не жадаюць сёньня толькі займацца дачай і вязаць сьвітэры. Многія з іх хочуць зразумець маладое пакаленьне, знайсьці з ім паразуменьне. А паколькі тэхніка разьвіваецца цяпер у маланкавым тэмпе, то і старэйшае пакаленьне павінна вучыцца. Тэхналягічны прагрэс ідзе. Дзеці не разумеюць, калі бабулі расказваюць пра сваё дзяцінства, што не было кампутараў і смартфонаў.

Дзеля таго, каб лепш зразумець унукаў, прадстаўнікі старэйшага пакаленьня могуць пайсьці ў Школу супэрбабулі і супэрдзядулі. Першая такая школа была адкрытая ў Любліне, а цяпер яе аддзелы працуюць у розных гарадах Польшчы. Пра тое, чаму вучацца бабулі і дзядулі ў школе, распавядае Люцына Шаблоўска з Люблінскай школы.

Л. Шаблоўска: Школа ў часткі людзей атаясамліваецца з нудным і прыкрым месцам. Але наша школа – выключная, у нас можна знайсьці сяброў, атрымаць вельмі шмат цікавай і карыснай інфармацыі. У школе мы вучым, як правільна ладзіць кантакты з унукам, у што можна гуляць з дзецьмі. У нас вельмі вялікі выбар настольных гульняў, забаў. Закранаем таксама тэматыку, якая цікавіць пажылых людзей – здароўе, карыснае харчаваньне, падарожжы. Мы ладзім сустрэчы з унукамі з розных нагодаў, напрыклад, на імяніны Анджэя, на Калядныя сьвяты.

Таксама вучні школы супэрбабуль і супэрдзядуляў сустракаюцца з дзецьмі ў дзіцячых садках, школах, расказваюць ім пра сваё дзяцінства. На жаль, вельмі мала мужчын удзельнічае ў занятках, пераважаюць жанчыны, – адзначае Люцына Шаблоўска.

Л. Шаблоўска: На жаль, дзядуляў у нас вельмі няшмат. Кажуць, што мужчыны пазьней дасьпяваюць да ролі дзядулі, чым жанчыны. Акрамя таго, мужчыны неахвотна ўдзельнічаюць у забавах зь дзецьмі, можа лічаць, што гэта не мужчынскі занятак. У сваю чаргу дзеці вельмі любяць гуляцца з дзядулямі і вельмі цешацца, калі нейкі дзядуля паяўляецца. У сярэднім да нас у школу ходзіць толькі адзін дзядуля ў год, але я спадзяюся, што ў будучыні больш мужчын будзе ўдзельнічаць у занятках.

Вучні школы ладзяць таксама на добраахвотных пачатках тэатральныя прадстаўленьні для дзяцей. Іх тэатар называецца «Баярка».

Л. Шаблоўска: Тэатар «Баярка» ставіць п’есы з думкаю пра маленькіх гледачоў, дзяцей. Мы ладзіць прадстаўленьні на падставе легендаў, сцэнары таксама пішам на падставе твораў дзіцячай літаратуры, але не сучаснай, а той, на якой выхоўвалася наша пакаленьне. Дагэтуль мы зрабілі ўжо 185 пастановак. Канешне, акторы не атрымліваюць грошай за ўдзел у спэктаклях, усё адбываецца дзякуючы працы валянцёраў. Граюць бабулі, нават мужчынскія ролі, калі няма жадаючых дзядуляў. Нашы прадстаўленьні карыстаюцца вялікай папулярнасьцю – ужо 47 дзіцячых садкоў і школ чакаюць у чарзе, каб запрасіць нашых актораў.

Як можна стаць супэрбабуляй або супэрдзядуляй? Канешне, можна скарыстацца досьведам Школы супэрбабуль і дзядуляў. Як і належыць сучаснай арганізацыі, школа мае свой сайт у інтэрнэце, на якім разьмешчана інфармацыя аб тым, як заснаваць такую школу або запісацца ў існуючую. Акрамя таго, неабходна зрабіць наступныя крокі:

Л. Шаблоўска: Адкрыць сваё сэрца ня толькі для ўнукаў, але таксама для іншых дзяцей. Мы часта наведваем дзяцей у школах, садках, сустракаемся з дзецьмі ў іншых месцах. Мы паказваем дзецям, як мы бавіліся ў дзяцінстве, шыем з імі цацкі, расказваем пра традыцыі сьвятаў – Калядаў, Вялікадня, робім розныя дэкарацыйныя элемэнты з нагоды сьвятаў. Такія сустрэчы як правіла цешаць абодва бакі – як бабуль, а часам і дзядулі паяўляюцца, так і дзяцей, да якіх мы прыходзім у госьці.

Што цікава, паводле статыстыкі, польскія бабулі і дзядулі прысьвячаюць больш увагі ўнукам, чым бабулі і дзядулі ў іншых краінах, і з кожным унукам праводзяць у сярэднім 9 гадзін у тыдзень. А госьцем Польскага радыё была Люцына Шаблоўска з Люблінскай школы супэрбабулі і супэрдзядулі.

І ПР. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт