Дзеці становяцца перакладчыкамі бацькоў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.08.2016 14:48
У Польшчы катастрафічна не хапае сурдаперакладчыкаў, таму дзеці глухіх бацькоў перакладаюць у кантактах з іншымі.
www.pixabay.com
«Tygodnik Powszechny» друкуе вялікі рэпартаж на тэму цяжкасьцяў у жыцьці глуханямых людзей у Польшчы. Да канца нават невядома, колькі такіх асоб пражывае ў краіне. Паводле розных падлікаў, ад 50 да 200 тыс. асоб нарадзіліся глухімі. У гэтай лічбе няма людзей, што страцілі слых у выніку хваробы або пажылога ўзросту. У сваю чаргу сурдаперакладчыкаў менш чым сто. Канешне, намнога больш людзей скончылі курс сурдаперакладаў, але яны як правіла не ўмеюць пасьля такой кароткай падрыхтоўкі размаўляць з глуханямымі.
Сярод сурдаперакладчыкаў большасьць – гэта дзеці глухіх бацькоў. Асобная тэма – цяжкі лёс такіх дзяцей. Вельмі часта здараецца, што абодва бацькі ня чуюць словаў, і таму дзецям прыходзіцца быць перакладчыкамі. Зафіксаваныя наступныя здарэньні: калі трохгадовая дзяўчынка званіла на працу таты, каб паведаміць, што яго ня будзе на рабоце, шасьцігадовы хлопец перадаваў маці інфармацыю ад лекара, што ў як рак у апошняй, сьмяротнай стадыі, васьмігадовы сын даведваўся ў кабінэце гінэколяга, што яго маці шмат разоў рабіла аборты, а дзевяцігадовае дзіця перакладала на судовым працэсе бацькоў, якія разводзяцца, і г.д.
Глухім цяжка кантактавацца з дзяржаўнымі органамі. Прычына ў тым, што практычна нідзе няма чыноўнікаў, якія разумеюць мову жэстаў, а ня ўсе глухія ўмеюць чытаць і пісаць. Паводле рапарту Вышэйшай кантрольнай палаты, польскія дзяржворганы не зацікаўленыя вырашэньнем праблемы. У паліклініках і шпіталях глухім таксама нялёгка. Толькі 4 з 14 ваяводзтваў падпісалі дамовы, якія дазваляюць карыстацца паслугамі сурдаперакладчыка. Сытуацыя глуханямых спрыяе разьвіцьцю дрэнных звычак, у тым ліку алькагалізму. Аднак няма лекараў і тэрапэўтаў, якія ведаюць мову жэстаў і гатовыя правесьці з імі тэрапію. Прыкладна палова глуханямых ня мае працы, свае праблемы яны часта заглушаюць алькаголем.
Tygodnik Powszechny/нг