Logo Polskiego Radia
Print

Як правільна падарожнічаць аўтаспынам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.07.2016 10:12
  • аўтаспын.mp3
Вялізны плюс такога віду падарожжаў – гэта, канешне, яго цана, або нават поўная адсутнасьць цаны.
polskieradio.pl

Лета – найлепшая пара для аматараў падарожжаў, прынамсі ў нашай частцы сьвету. Многія з нас мараць убачыць, як жывуць людзі ў розных краінах, як далёкіх, так і блізкіх. Аднак не заўсёды фінансы дазваляюць нам рэалізаваць гэтыя мары. І калі ў далёкія падарожжы лепш адправіцца на самалёце, на што патрэбная пэўная сума грошай, то выезд у суседні горад ці нават суседнюю дзяржаву можа адбыцца пры дапамозе аўтаспыну.

У аматараў аўтаспыну шмат як прыхільнікаў, так і праціўнікаў. А вялізны плюс такога віду падарожжаў – гэта, канешне, яго цана, або нават поўная адсутнасьць цаны, калі ўдаецца праехаць шмат сотняў кілямэтраў зусім бясплатна. Гэта пазытыў. Аднак асьцярожныя баязьліўцы кажуць, што такое падарожжа можа быць небясьпечным, паколькі невядома, які кіроўца затрымаецца і возьме нас да сябе ў машыну. І таму перад тым, як адправіцца ў дарогу аўтаспынам, варта добра да падарожжа падрыхтавацца, пачытаць розныя форумы на гэтую тэму. Напрыклад, аўтары на такіх форумах пішуць, што нельга насіць цёмных акуляраў, трэба пакласьці каля сябе заплечнік, каб было відаць, што ў нас добрыя намеры. Важна таксама тое, як мы апрануты, – адзначае Міхал Віткевіч з Польскага клюбу прыгоды.

М. Віткевіч: Напэўна важная акуратнасьць у вопратцы. Калі мы чыста і акуратна апранутыя, кіроўца адчувае сябе бясьпечным. Ён больш упэўнены, што падарожнік не нясе яму пагрозы. Выгляд важны, але важна таксама трымаць у руках кавалак кардоннай каробкі з надпісам, куды мы хочам ехаць. Найлепш знайсьці даволі вялікі кавалак кардону, напрыклад, з упакоўкі ад бананаў, якую знойдзем у краме. На такім кавалку кардону трэба напісаць вялікія літары.

Існуе меркаваньне, што кіроўцы ахвотней за ўсё бяруць маладых дзеўчын у падарожжа, а мужчынам цяжэй затрымаць аўто, і што лепш ня езьдзіць у вялікай групе. Гэтыя стэрэатыпы не заўсёды апраўдваюцца, – гаворыць госьць Польскага радыё.

М. Віткевіч: Бывае па-рознаму. Мы калісьці падарожнічалі ўтраіх (трое хлапцоў) і неяк удалося нам праехаць палову Эўропы. Колькасьць падарожнікаў важная ў залежнасьці ад месца. У Эўропе кіроўцы часта езьдзяць па адным, таму могуць узяць і траіх, а нават чацьвярых падарожнікаў. Але, напрыклад, у Паўднёвай Амэрыцы нават для аднаго чалавека не заўсёды ёсьць месца ў машыне.

У пачынаючых аматараў аўтаспыну ўзьнікаюць розныя пытаньні, як сябе паводзіць у машыне, калі нас хтосьці ўжо падбярэ на дарозе. Напрыклад, ці трэба сілаю падтрымліваць размову, ці лепш памаўчаць, ці прасіць закінуць багаж у багажнік, ці лепш трымаць яго ў салёне?

М. Віткевіч: Багаж лепш пастарацца мець пры сабе. Здараюцца розныя кіроўцы, на дарозе бываюць розныя сытуацыі. Рэчы трымайце блізка, каб у выпадку чаго хутка выйсьці з машыны, хаця, зразумела, я нікога не хачу пужаць. А з гутаркай усё залежыць ад сытуацыі. Здараюцца кіроўцы-балбатуны, якія і бяруць пасажыра, каб мець з кім пагаварыць, а іншыя ня любяць, калі ім загаворваюць зубы і перашкаджаюць весьці аўто. Трэба гэта адчуць, калі сядаем у машыну.

Паяўляецца таксама пытаньне аплаты за праезд. У прынцыпе, падарожжа аўтаспынам павінна быць бясплатным, але некаторыя кіроўцы ўсё ж такі хацелі б атрымаць хаця б пару капеек ад пасажыра, на бэнзін. Ці трэба спытаць прама, ці лепш чакаць, калі кіроўца сам нешта запрапануе?

М. Віткевіч: У многіх краінах зусім ня прынятае плаціць за падарожжа аўтаспынам, але ёсьць месцы, дзе трэба тактоўна пацікавіцца, колькі мы павінны заплаціць за праезд. Гэта як правіла ўсходняя частка Эўропы, а таксама дзяржавы ў некаторых раёнах Блізкага Ўсходу. Калі кіроўца кажа, што добра было б пакінуць яму пару капеек, так робім. Таксама кіроўца можа назваць канкрэтную суму, якая можа нас перапужаць. Мне здарылася пачуць астранамічную суму, пасьля чаго кіроўца сказаў, што гэта жарт.

Па словах Міхала Віткевіча з Польскага клюбу прыгоды, важны таксама характар падарожніка, яго стаўленьне да аўтаспыну, жаданьне перажыць прыгоду, а ня думкі, што абавязкова здарыцца нешта непрыемнае. І, канешне, усьмешка на твары.

Р. Чэярэк І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт