Эканоміка ў капіталістычных краінах трымаецца як правіла на гэтак званых сямейных прадпрыемствах. Чым адрозьніваецца такая фірма ад іншага прадпрыемства, якія карысьці сямейны бізнэс дае эканоміцы і грамадзтву?
У Польшчы каля 80% усіх фірмаў – гэта сямейныя прадпрыемствы, калі бізнэсам займаюцца некалькі чалавек або шмат людзей, зьвязаных паміж сабою кроўнымі сувязямі. Такі бізнэс адрозьніваецца ад іншых, паколькі кіраўніцтва ўкладвае ў сваю фірму больш эмоцый, для яго прадпрыемства – гэта ня толькі магчымасьць зарабіць грошы на жыцьцё, але таксама свайго роду місія, ідэя, якую яно хацела б перадаць наступным пакаленьням. Дзеля гэтага патрэбныя ня толькі грошы, але таксама сумленнасьць, працавітасьць, ну і, канешне, сваякі, якія хацелі б увайсьці ў дадзены бізнэс. Уласны бізнэс засноўваюць прадпрымальніцкія людзі. Ці прадпрымальніцтва – гэта пазытыўная рыса характару? Гаворыць эканаміст Анджэй Садоўскі.
А. Садоўскі: Канешне, гэта пазытыўная рыса. Палякі заўсёды былі прадпрымальным народам. Нас да гэтага змушала сытуацыя. У Польскай Народнай Рэспубліцы быў пастаянны дэфіцыт усяго. Нават калі хтосьці не лічыў сябе прадпрымальным, то і так яму прыходзілася «даставаць» розныя тавары. Паміж Савецкім Саюзам і Польшчаю курсіравалі «цягнікі сяброўства», на якіх езьдзілі гандляры ўсім. Такім чынам многія палякі былі прадпрымальнікамі.
Тым ня менш, для многіх палякаў, а тым больш беларусаў, паняцьце «прыватная фірма» не зусім пазытыўнае. Гаворыцца, што першы мільён трэба ўкрасьці, што немагчыма сумленна весьці ўласны бізнэс, неабходна даваць хабар направа і налева. Адкуль бярэцца такі нэгатыў, зьвязаны з прыватным бізнэсам?
А. Садоўскі: Гэты нэгатыў стваралі ўлады. Нельга забываць, што сацыялістычны лад заключаецца між іншым у тым, каб знайсьці ворага. На пачатку такім вонкавым ворагам былі ЗША, а пазьней, калі ўнутры дзяржавы не было апазыцыі, такім ворагам народа сталі прыватныя прадпрымальнікі. Гэтыя нэгатыўныя эмоцыі адлюстроўваліся таксама ў мове. Існавалі інструкцыі для супрацоўнікаў прапаганды, цэнзараў, якім чынам распальваць нянавісьць да індывідуальных прадпрымальнікаў. На іх, між іншым, перакладвалася адказнасьць за розныя дэфіцыты, паколькі спэкулянты быццам бы скупляюць тавары. Гэта была мэтанакіраваная дзейнасьць.
У Польшчы, на шчасьце, не была праведзеная прыватызацыя дробнага гандлю, таму пасьля ўвядзеньня індывідуальнай ініцыятывы, іпэшнікі мелі магчымасьць весьці гандаль. У крамах далей былі пустыя паліцы, але перад крамай стаялі гандляры з раскладнымі ложкамі, на якіх было ўсё, што хочаш. І дзякуючы гэтаму палякі займаюць першае месца ў ЭЗ па ўзроўні прадпрымальніцтва. Тым ня менш, дзяржава стварае шматлікія перашкоды сямейным фірмам, – адзначае Анджэй Садоўскі.
А. Садоўскі: Сыстэма ў Польшчы ня стала больш прыязнай для прадпрымальнікаў. У выніку дрэннага заканадаўства ІП працуюць цяпер у горшых умовах, чым у іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу, асабліва гэтак званага «старога ЭЗ». У Польшчы горшая бюракратыя, высокія патрабаваньні з боку дзяржавы. Сямейныя фірмы ўклалі немалыя сродкі ў сучасную тэхніку, у нас адны з самых сучасных фабрык у Эўропе. Яны маглі б працаваць на тры зьмены, але працуюць на адну, у выніку дзяржаўнага рэгуляваньня. Польскія прадпрымальнікі цягам году страчваюць каля 70 мільярдаў злотых у выніку дрэннага заканадаўства. Для параўнаньня: эмбарга Расеі супраць вытворцаў яблык і транспартных кампаній прыносіць Польшчы толькі каля 2-3 млрд. страт.
Кандытарскае прадпрыемства «Блікле» існуе ўжо амаль паўтара стагодзьдзя, да яго крам стаяць чэргі жадаючых купіць самыя смачныя пончыкі ў Варшаве. Пра тое, якія каштоўнасьці важныя для індывідуальных прадпрымальнікаў у сямейных кампаніях, гаворыць уладальнік фірмы Анджэй Яцэк Блікле.
А. Блікле: Важна тое, што сямейныя фірмы як правіла трымаюцца на сумленнасьці. Каштоўнасьцю зьяўляецца ў першую чаргу не прыбытак і пашырэньне маштабу дзейнасьці, як у карпарацыях, а сумленнасьць, саліднасьць, і перадача традыцыі наступным пакаленьням.
Канешне, кожная фірма імкнецца зарабіць, без прыбытку немагчыма працаваць і існаваць. Аднак для сямейных фірмаў, якія зьяўляюцца сольлю эканомікі, прыбытак – гэта не найважнейшая мэта. На першым месцы яны ставяць іншыя каштоўнасьці. І таму дзяржава павінна ўсялякім чынам спрыяць разьвіцьцю малых сямейных кампаній.
І Пр. ПР/нг