Рэкляму фармацэўтычных сродкаў - забараніць!
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.04.2016 14:09
Рэкляму лякарстваў трэба забараніць, паколькі яна толькі шкодзіць пацыентам.
pixabay.com/Public Domain CC0
Спажываньне фармацэўтычных прэпаратаў і харчовых дабавак у Польшчы перавышае нормы – мяркуюць экспэрты. На думку дэпутатаў парлямэнту ды спэцыялістаў, гэта віна агрэсіўнай рэклямы. Таму трэба яе забараніць, – піша «Dziennik Gazeta Prawna»
Гэта сур’ёзная праблема, адной з прычын якой зьяўляецца шырокая рэкляма, – гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага фармацэўтычнага інспэктара краіны Зьбігнеў Невуйт (Zbignierw Niewójt). На ягоную думку, не павінна быць так, што хтосьці даведваецца з рэклямы, што дзякуючы нейкаму сродку ён за тыдзень пахудзее на 10 кіляграмаў. Гэта проста хлусьня.
Неабходна радыкальна абмежаваць магчымасьць рэклямаваць харчовыя дабаўкі і лекі без рэцэпту, а найлепш увесьці забарону. Напрыклад, існуе забарона рэклямаваць аптэкі, а лекі без рэцэпту – не. Дэпутаты пераважна згаджаюцца з такім падыходам. На думку віцэ-старшыні сэймавай камісіі здароўя Анджэя Сосьнежа (Andrzej Sośnierz), рэкляму лякарстваў трэба забараніць, паколькі яна толькі шкодзіць пацыентам.
Лекі без рэцэпту і харчовыя дабаўкі – гэта вялізны бізнэс, які пастаянна разрастаецца. Выдаткі на рэкляму растуць у геамэтрычнай прагрэсіі, таму немагчыма не заўважыць сувязі паміж ростам выдаткаў на рэкляму і пашырэньнем спажываньня розных фармацэўтычных сродкаў, у тым ліку такіх, што не былі правераныя адпаведнымі дасьледаваньнямі. Гэтыя таблеткі быццам бы дапамогуць нам пахудзець, прадухіляць выпаданьне валасоў або палепшаць сэксуальную моц. Як правіла іх дзеяньне даволі сумнеўнае.
Dziennik Gazeta Prawna/нг