Logo Polskiego Radia
Print

Навукоўцы адкрылі першы ў сьвеце лек ад суіцыду

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.02.2016 17:48
Кожны дзясяты чалавек, хворы дэпрэсіяй, зьдзяйсьняе самазабойства, а палова хворых прадпрымаюць спробу суіцыду.
pixabay.com/Public Domain CC0

«Gazeta Wyborcza» паведамляе пра лек бупрэнарфін (Buprenorphine), які добра вядомы лекарам як супрацьболевы прэпарат і анэстэзіялягічны сродак. Але аказалася, што гэтая субстанцыя дапамагае ў вялікай ступені зьменшыць рызыку суіцыду, прычым дзейнічаць пачынае хутка.

Дэпрэсія – гэта сур’ёзная псыхічная хвароба, якая, паводле спэцыялістаў, у меншай альбо большай ступені цягам жыцьця закранае 10% папуляцыі. Ня ў кожнага хворага зьяўляюцца думкі пра суіцыд, але многія пакушаюцца на сваё жыцьцё.

Лекары заўсёды стараліся адкрыць субстанцыю, якая б дапамагала зьменшыць рызыку самазабойства. Праўда, ёсьць антыдэпрэсанты, але гэтыя лекі пачынаюць дзейнічаць празь нейкі час, прыкладна праз два тыдні. Таму спэцыялісты стараліся адкрыць лек, дзеяньне якога пачынаецца адносна хутка, і зьвярнулі ўвагу на бупрэнарфін. Пасьля шматлікіх досьледаў аказалася, што субстанцыя пачынае дзейнічаць цягам некалькіх дзён. Калі дасьледаваньні будуць пацьверджаныя на большай групе пацыентаў, то рэчыва можа стаць першым лекам ад суіцыду.

Новыя ўласьцівасьці бупрэнарфіну адкрылі ізраільскія й амэрыканскія навукоўцы.
«Gazeta Wyborcza» нагадвае, што кожны дзясяты чалавек, хворы дэпрэсіяй, зьдзяйсьняе самазабойства, а палова хворых прадпрымаюць спробу суіцыду.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт