Logo Polskiego Radia
Print

У Белавескай пушчы мільёны кубамэтраў мёртвых дрэў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.02.2016 07:02
  • Шышка.mp3
У Польшчы працягваецца спрэчка на тэму Белавескай пушчы.
Белавеская пушча. Ілюстрацыйны здымакБелавеская пушча. Ілюстрацыйны здымакNemo5576/Wikipedia/CC BY-SA 3.0

У Польшчы працягваецца спрэчка на тэму Белавескай пушчы. Лесьнікі пераконваюць, што неабходна павялічыць вырубку дрэваў у гэтым унікальным лясным масіве. Эколягі называюць гэта спробай пераўтварэньня пушчы ў звычайную плянтацыю дрэваў. Сёньня мы аддамо голас міністру навакольнага асяродзьдзя Польшчы Яну Шышцы.

Прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы» плянуе павялічыць колькасьць вырубленых дрэваў у пяць разоў. Эколягі б’юць трывогу й папярэджваюць, што імкнучыся павялічыць вырубку, лесьнікі прапануюць замяніць Белавескую пушчу ў звычайную плянтацыю дрэваў. «Дзяржаўныя лясы» тлумачаць сваё рашэньне, між іншым, жаданьнем выкараненьня з пушчы караедаў, якія атакуюць дрэвы, найперш хвойныя.

Некалькі месяцаў таму ў Польшчы памянялася ўлада. Лёс Белавескай пушчы цяпер у руках новага міністра навакольнага асяродзьдзя Яна Шышкі, які будзе нашым госьцем.

Міністар адзначае, што ў дадзены момант ідзе ацэнка сытуацыі ў Белавескай пушчы, якая зьяўляецца ўнікальным аб’ектам сусьветнага маштабу.

Я. Шышка: У гэты момант тэрыторыя Белавескай пушчы ахопленая ўсімі формамі аховы. Гэта запаведнікі, прыродныя помнікі, лясныя промакомплексы, праграма «Натура 2000», Белавескі парк, спадчына ЮНЭСКА. Цяпер на гэтай тэрыторыі гінуць прыярытэтныя для Эўразьвязу гатункі. І я распарадзіўся, каб была праведзена праверка. Вельмі моцна мяняюцца асяродзьдзі пражываньня гатункаў, на якія ў ЭЗ зьвяртаюць асаблівую ўвагу. У значнай ступені гэта вынікае з масавага адміраньня дрэваў на значнай тэрыторыі пушчы.

Як адзначыў міністар, у дадзены момант у Белавескай пушчы знаходзіцца больш за 3 млн кубамэтраў мёртвага дрэва.

Я. Шышка: Уявіце сабе, што мы пабудуем агароджу шырынёй у адзін мэтар і вышынёй адзін мэтар, цалкам з дрэва. Атрымалася б 3,5 тысячы кілямэтраў агароджы. Мы маглі б паставіць плот уздоўж усіх межаў краіны – я вобразна ілюструю праблему. Адмерлых елак у пушчы ляжыць больш за 2,5 млн кубамэтраў. Часткова ў гэтым вінаватыя караеды. Ясеня ляжыць больш за 360 тысяч кубамэтраў. Дуба – больш за 250 тысяч кубамэтраў. Больш за 100 тысяч кубамэтраў сасны. Зь імі ўсімі, зразумела, зьвязаныя гатункі, якія там выступаюць. Сытуацыя дастаткова сур’ёзная. Цэлы сьвет гэтым цікавіцца.

Міністар навакольнага асяродзьдзя тлумачыць, што цяпер адбываецца ўлік дрэваў, якія ляжыць у пушчы, як выглядае сытуацыя з рознымі гатункамі жывёл і расьлін. І чым гэта выклікана. Паводле Яна Шышкі, зь першага пункту гледжаньня сытуацыя выглядае кепска.

Іншы пункт гледжаньня маюць экалягічныя арганізацыі. Яны не пагаджаюцца з аргумэнтам, што адмерлае дрэва трэба выдаляць з пушчы. Не пагаджаюцца таксама з тым, што караеды становіцца прычынай адміраньня дрэваў. Эколягі пераконваюць, што Белавеская пушча павінна надалей быць некранутай, што лес сам справіцца з усімі праблемамі, а чалавек не павінен умешвацца.
Міністар Ян Шышка не да канца пагаджаецца з такімі аргумэнтамі.

Я. Шышка: Гатункі ёсьць. Але зьвярніце ўвагу, калі 20 гадоў таму мы ехалі дарогай з Гайнаўкі ў Белавежу, то па баках былі прыгожыя дрэвы – елкі, дубы, ясені. Усе казалі: абараняйце пушчу, каб лесьнікі яе не вырубалі. І што цяпер? Паглядзіце як цяпер гэтыя дрэвы выглядаюць. Лес не вырубалі, а дрэваў і так няма. Я ня маю да нікога прэтэнзій, кожны мае права пратэставаць. Але прафэсіяналізм павінен абавязваць. Ёсьць законы. Іх трэба выконваць. Я ў дадзены момант займаюся толькі адной рэччу – абараняю гонар Польшчы. Нас цяпер атакуюць, што мы нішчым адзін з найважнейшых прыродных аб’ектаў, некранутых рукой чалавек. Гэта ня так. Пушча мае сваю запісаную гісторыю.

Актуальны ліміт па вырубцы дрэваў на гады 2012-2021 складае 63,4 тысяч кубамэтраў. Пляны лесьнікоў, якія агучваліся раней, прадугледжваюць амаль 318 тысяч кубамэтраў.

Лесьнікі сваё жаданьне вырубаць дрэвы ў Белавескай пушчы тлумачаць, тым, што «іх абавязак – захаваць трываласьць і бесьперапыннасьць карыстаньня лесам так, каб лес быў пакінуты наступным пакаленьням мінімум у такім жа стане, а нават лепшым».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт