Logo Polskiego Radia
Print

Варшава не ўпусьціць цыркі са зьвярамі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.01.2016 13:40
  • цырк.mp3
Іншыя гарады таксама далучаюцца да акцыі.
pixabay.com

Варшава перастане ўпускаць на сваю тэрыторыю цыркі, якія рыхтуюць нумары з удзелам жывёлы. Праціўнікі цыркаў заклікалі да гэтага гадамі.

Мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц падпісала на гэтым тыдні адпаведнае распараджэньне. На гарадзкіх участках ня будзе цыркаў з жывёлай – кажа прэс-сакратар гарадзкой ратушы Барташ Мільчарчык: «У дакумэнце таксама адзначана, што ў гарадзкіх установах ня можа быць папулярызацыі цыркаў, у якіх выступаюць жывёлы. Гэта вынік клопату аб жывёле, аб тым, якім чынам гэтую жывёлу рыхтуюць да выступаў, гаворка пра дрэсіроўкі. Гэта таксама праблема складаных умоваў, у якіх утрымліваюцца жывёлы, стаўленьня да іх апекуноў. Зразумела, нельга ўсіх ставіць у адзін шэраг. Але трывожных сыгналаў дастаткова шмат».

«Хоць забарона не абавязвае прыватныя ўчасткі зямлі, то й так будзе моцным ударам па цырках. Можна сьцьвердзіць, што іх дні палічаныя», – кажа Цэзары Вышыньскі з Фонду Viva, які дзейнічае на карысьць аховы жывёл.

Іншыя гарады таксама далучаюцца да акцыі. Між іншым, у Кракаве, Астралэнцы, Бытаме, Шчэціне ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй аб увядзеньні забароны на цыркавыя выступы з удзелам жывёлы. Люблін ужо перадаў сабраныя подпісы ў гарадзкую ратушу – кажа Кшыштаф Гарчыца з таварыства «Для прыроды й чалавека».

«Дзікая жывёла патрабуе адпаведнага месца. Клеткі й грузавікі, якімі іх перавозяць, ніколі ня будуць адпаведнымі. Месца слана, малпы ці тыгра ў саване ці джунглях», - зазначае Кшыштаф Гарчыца.

Нядаўна падобнае распараджэньне падпісалі гарадзкія ўлады Ўроцлава. Пад пэтыцыяй да мэра Ўроцлава падпісалася амаль 2,5 тысячы жыхароў. Апошнім у сьпісе быў сам мэр, Рафал Дуткевіч. Ён прыняў рашэньне, што гарадзкія ўчасткі ня будуць здавацца ў арэнду цыркам, якія дрэсіруюць жывёл.

«У пэўным моманце дрэсіроўка жывёл выклікала зацікаўленасьць, але цыркавое майстэрства можа быць цікавым і без гэтага элемэнта», – кажа прэс-сакратар гарадзкой ратушы ва Ўроцлаве Аркадзій Філіпоўскі.

«Цырк гэта ня месца для жывёл», – пераконвае аўтар пэтыцыі. «Цюлені й пінгвіны цэлае жыцьцё ня бачаць вады, а гэта для іх не натуральна. Жывёла ў цырку служыць толькі для збору грошай», – аргумэнтуе ініцыятар акцыі «Цырк без жывёл» Яраслаў Заянчкоўскі. Гарадзкія дэпутаты рыхтуюць распараджэньне, якое забароніць выступ цыркаў са зьвярамі таксама на прыватнай тэрыторыі.

Супраць выкарыстоўваньня жывёл выступаюць і жыхары Аполя. Подпісы зьбіраліся з кастрычніка 2015 году. Аднак пратэсты ўзмацніліся апошнім часам, калі на адной з апольскіх плошчаў паставілі мабільны акварыум з акуламі. Ідэя не спадабалася ні эколягам, ні жыхарам гораду. «Я мяркую, што жывёла павінна жыць у натуральным асяродзьдзі», – кажа адзін зь іх.

Пачатак пратэстам супраць выкарыстоўваньню жывёл у цырку даў мэр Слупска Робэрт Бедрань. У чэрвені мінулага году цырк «Арэна» не ўпусьцілі на тэрыторыю гораду. Слупскі мэр тлумачыў, што рашэньне вынікае з клопату аб ахове правоў жывёл. Гарадзкія ўлады патлумачылі, што гаворка ідзе пра дабро цыркавых жывёл і новыя стандарты яго выконваньня. Таму было выдадзена адмоўнае рашэньне.

Кааліцыя «Цырк без жывёл» зьбірае подпісы, каб у цэлай Польшчы забараніць арганізацыю выступаў жывёл у цырках. Так зрабілі, напрыклад, Грэцыя ці Мальта.
Адзін з найноўшых контраргумэнтаў эколягам далі навукоўцы з Польскай акадэміі навук, публікуючы заклік супраць цыркаў. У ім навукоўцы асьцерагаюць, што «цыркавыя паказы пазбаўленыя адукацыйных элемэнтаў, а таксама зьяўляюцца патэнцыйна небясьпечнымі для працэсу выхаваньня дзяцей і моладзі».

Па цэлай Польшчы сэзонна перамяшчаецца 17 цыркаў. Яны плянуюць пратэсты супраць такога рашэньня й называюць яго бяспраўем. «У нас ёсьць юрыдычныя ацэнкі, што гэта абмежаваньне гаспадарчай дзейнасьці. Акрамя таго, гэта тэрарызм. У імя нейкіх поглядаў нам забараняюць працаваць», – кажа Эва Залеўска з Цырку «Залеўскі». «Мы кахаем нашых зьвяроў. Выхоўваем іх так, як выхоўваюць хатняга сабаку», – дадае.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт