Пра гэта сьведчаць аналізы кухоннай солі, якая прадаецца ў Кітаі. Вынікі апублікавалі ў часопісе «Environmental Science&Technology» навукоўцы з Шанхаю. Вучоныя прааналізавалі склад 15 відаў кухоннай солі, якая прадаецца па цэлай краіне. Апрача крышталікаў NaCl, яны знайшлі часьціцы плястыку, між іншым, поліэтылену, зь якога вырабляюць бутэлькі, пакеты й некаторыя тканіны.
Найбольшую колькасьць плястыку – ажно 550-681 зерняў на кіляграм – утрымлівала марская соль. Забруджанай таксама аказалася соль, якую здабываюць з салёных азёр. Там знойдзена ад 43 да 364 часьціц плястыку на кіляграм. Плястык знойдзены нават у каменнай солі, якая паходзіць са старажытных мораў. Апошняя аднак забруджаная была найменш – ад 7 да 204 часьціц плястыку на кіляграм.
Дасьледчыкі мяркуюць, што частка забруджаньня можа трапляць у соль на фабрыках. Вялікая колькасьць плястыку ў солі аднак сьведчыць аб тым, што паходзіць ён галоўным чынам з акіяну.
Вучоныя здаўна б’юць трывогу, што акіян забруджаны плястыкам. У лютым у часопісе «Science» было падлічана, што ў год з кожнага мэтра ўзьбярэжжа ў сьвеце ў акіян выкідваецца эквівалент 15 пакетаў, запоўненых плястыкам! А ў сьнежні мінулага году вучоныя на старонках часопіса «PLoS ONE» палічылі, што ў акіяне плавае ажно 269 тысяч тон плястыкавага сьмецьця – прынамсі 5,25 млрд меншых і большых штук. Найбольш часьціц дыямэтрам 5 мм. Крыху менш ёсьць найдрабнейшага сьмецьця (дыямэтрам 0,33-1мм), а найменш плястыкавых гігантаў памерамі больш за 20 см. Найбольш небясьпечным для экасыстэмы зьяўляецца найменшы плястык.
Большасьць плястыкавых часьціц, знойдзеных у кітайскай солі, была сапраўды маленькая. Іх дыямэтар складаў менш за 200 мікронаў (мільённая частка мэтра). Марская соль атрымліваецца ў выніку выпарваньня марской вады. Паколькі забруджаньне плястыкам тычыцца ўсіх вадаёмаў у сьвеце (плястык знойдзены нават у марскім лёдзе Паўночнага Ледавітага акіяну), то праблема «плястыкавай» марской солі напэўна тычыцца таксама Эўропы. Соль – гэта чарговы «шлях», якім плястыкавае сьмецьце вяртаецца да чалавека.
Навукоўцы ня раз пісалі, што плястык глытаюць марскія жывёлы, у тым ліку рыба й птушкі. Лічыцца, што па прычыне плястыкавых адкідаў кожны год памірае 1 млн птушак і 100 тысяч млекакормячых.
Падчас дасьледаваньняў, праведзеных у 1962-2012 гадах, аказалася, што плястык знаходзіўся ў страўнікавых сыстэмах 59% са 135 гатункаў марскіх птушак. Сёньня гэтая праблема тычыцца нават 90% гатункаў. У верасьні на старонках «PNAS» навукоўцы папярэджвалі, што ў палове стагодзьдзя атручанымі плястыкам будзе ўжо 99% усіх гатункаў марскіх птушак. У кастрычніку мінулага году вучоныя таксама папярэджвалі, што плястыкам забруджаныя таксама малюскі й вустрыцы.
З дасьледчыцкіх экспэдыцый і спадарожнікавых здымкаў таксама вядома, што ў Атлянтычным, Ціхім і Індыйскім акіянах дрыфуюць агромныя плямы плястыкавага сьмецьця, яшчэ не разьбітага вадою, ветрам і сонцам.
У мінулым годзе таксама паявілася інфармацыя аб адкрыцьці на Гаваях першых скал з плястыка. У іх можна было яшчэ адрозьніць зубныя шчоткі, плястыкавыя відэльцы ды рыбацкія сеткі. Пакуль няма ніякіх плянаў, каб іх прыбраць.
Gazeta Wyborcza/ав