Logo Polskiego Radia
Print

Мэксыка становіцца больш лібэральнай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.08.2015 15:22
Краіна прызнала аднаполыя саюзы й права на ўсынаўленьне дзяцей.

Цягам двух апошніх месяцаў Мэксыка прызнала легальнымі аднаполыя саюзы ды іх права на ўсынаўленьне дзяцей. Такім чынам яна далучылася да Аргентыны, Уругвая й Бразыліі, дзе права аднолькава ставіцца да гомасэксуальных і гетэрасэксуальных параў, хоць у кожнай з гэтых краінаў дамінуючай рэлігіяй зьяўляецца каталіцызм, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Сацыяльныя зьмены ў Мэксыцы не праходзяць шляхам рэзкай маральнай рэвалюцыі, але рэвалюцыйных рашэньняў правасудзьдзя. Надоечы Вярхоўны суд большасьцю галасоў пастанавіў, што закон, які ў штаце Кампэчэ забараняе аднаполым парам усынаўляць дзяцей – неканстытуцыйны ды абмяжоўвае права дзяцей на выхаваньне ў сям'і й права гомасэксуальных параў на іх стварэньне.

Хоць рашэньне Вярхоўнага суду адносіцца да штатнага закону, тым ня менш, азначае, што гомасэксуальныя пары атрымліваюць права на ўсынаўленьне дзяцей па ўсёй краіне. Справа ў тым, што цяпер ніякі штат ня будзе ў стане падтрымаць аналягічную забарону, паколькі Вярхоўны суд адменіць яе неадкладна.

Дарэчы права на ўсынаўленьне дзяцей у сталіцы Мэксыкі было ўведзенае ўжо пяць гадоў таму, але многія іншыя штаты па-ранейшаму гэтага рабіць забаранялі.

У сваю чаргу ў чэрвені Вярхоўны суд таксама рашучай колькасьцю галасоў пастанавіў, што гомасэксуальныя пары маюць права заключыць шлюб нароўні з тым, які заключаюць мужчына й жанчына.

Камэнтатары зьвяртаюць увагу, што мэксыканскія суды ва ўсіх гэтых выпадках ня бралі пад увагу традыцыі, звычаяў або рэлігійных меркаваньняў, засяроджваючыся на асноўнай справе - канстытуцыйнай роўнасьці грамадзян перад законам і забароне дыскрымінацыі па прыкмеце полу ці сэксуальнай арыентацыі.

Гэта выклікала пратэсты, у тым ліку, Каталіцкага касьцёла й палітычных арганізацыяў, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт