Logo Polskiego Radia
Print

Многія глуханямыя не разумеюць тэкставай інфармацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.07.2015 15:12
Адзіная даступная для іх мова - жэставая.

/
Кожны з нас бачыў на вуліцы людзей, якія размаўляюць пры дапамозе жэстаў. Гэта і ня дзіўна, калі, напрыклад, у Польшчы 850 тысяч людзей зусім ня чуе гукі або чуе іх вельмі слаба. Тым ня менш, глуханямыя вельмі рэдка адважваюцца самі афармляць нейкія справы ў дзяржаўных установах, паколькі дзярслужачыя ня ведаюць мовы жэстаў, аб чым паведамляе Вышэйшая кантрольная палата ў сваім дакладзе.

Польскія чыноўнікі адносяцца да глуханямых асобаў без адпаведнай пашаны, не ўмеюць дамовіцца з імі на адзінай поўнасьцю зразумелай для іх мове - жэставай. Яны тлумачаць гэта тым, што глуханямыя рэдка афармляюць нейкія справы, таму няма такой патрэбнасьці, каб дзяржаўныя служачыя вывучалі мову жэстаў.

Сапраўды, няма патрэбнасьці, каб служачыя вучылі гэтую мову, але толькі таму, што глуханямыя баяцца прыйсьці афармляць нейкую справу без суправаджэньня асобы, якая чуе гукі. Іншая праблема ў тым, што ня ўсе глуханямыя умеюць чытаць. Для такога чалавека напісанае слова зьяўляецца зусім чужым, незразумелым паняцьцем. Ім вельмі цяжка навучыцца чытаць. Адзіная мова, якую яны поўнасьцю разумеюць – гэта мова жэстаў, чаго чыноўнікі не разумеюць, - гаворыць старшыня Вышэйшай кантрольнай палаты Кшыштаф Квяткоўскі.

К. Квяткоўскі: Чыноўнікі не заўважаюць, што глуханямыя не прыходзяць афармляць розныя справы, паколькі ўзровень даступнасьці дзяржаўных паслугаў для асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі ўсё яшчэ недастатковы. Памылкова лічыцца, што ўсе глуханямыя ўмеюць чытаць. Гэта няпраўда. Для часткі глухіх асобаў напісанае слова зьяўляецца зусім чужым, ім вельмі цяжка навучыцца чытаць са зразуменьнем. Адзіная зразумелая мова для іх – гэта мова жэстаў.

Тры гады таму ў Польшчы ўступіў у сілу закон аб жэставай мове, які абавязвае дзяржаўныя структуры адпаведным чынам інфармаваць і аказваць паслугі асобам з пашкоджаным слыхам. Тым ня менш, большасьць установаў, у якіх Вышэйшая кантрольная палата правяла кантроль, не была падрыхтаваная да кантакту з глуханямымі. Глухім цяжка аформіць нават самыя простыя справы ў ведамствах: падатковай інспэцыі, гарадзкой ратушы, камэндатуры паліцыі ці ў аддзелах Цэнтру сацыяльнага страхаваньня. На думку кантралёраў палаты, можна казаць нават пра пэўную форму дыскрымінацыі глуханямых, якія карыстаюцца мовай жэстаў, паколькі яны маюць абмежаваныя магчымасьці карыстацца грамадзкімі паслугамі ў параўнаньні з астатнімі грамадзянамі.

К. Квяткоўскі: Ім не гарантуецца доступ да дзяржаўных паслугаў, у такой жа ступені, як той частцы грамадзтва, якая поўнасьцю чуе і разумее гукі. У кожным ведамстве павінен быць служачы, які зможа паразмаўляць з асобай, якая ня ведае іншай мовы, чым жэставая, паколькі гэта яе галоўная мова.

Абсалютная большасьць інфармацыі прысвойваецца намі пры дапамозе слыху і напісанага слова. Тымчасам глуханямыя асобы не заўсёды могуць свабодна карыстацца тэкставым варыянтам нейкай інфармацыі. А менавіта ў такім варыянце як правіла зьмешчаны зьвесткі ў розных дзяржаўных установах і на сайтах гэтых установаў. Амаль 50 тыс. глуханямых асобаў у Польшчы ведае толькі адну мову – мову жэстаў, большасьць з іх зусім не разумее польскага тэксту. Гэта як правіла людзі, якія нарадзіліся гдухімі або страцілі слых у раньнім дзяцінстве.

Вышэйшая кантрольная палата праверыла 60 розных дзяржаўных установаў, куды найчасьцей грамадзяне зьвяртаюцца, каб аформіць нейкія справы: пашпартныя сталы, камэндатуры паліцыі, аддзелы сацыяльнага страхаваньня ды іншыя. У дзень, калі пачаўся кантроль, на сайтах паловы ўстановаў не было ніякай інфармацыі пра магчымасьці кантакту з дзяржаўным служачым, якія прадстаўляе ведамства глуханямым асобам. 42% выканалі дадзены абавязак, але зрабілі гэта неадпаведным чынам, зьмяшчаючы няпоўную інфармацыю. Толькі 6% устаноў прадставіла глуханямым поўную і сапраўдную інфармацыю.

У Польшчы паводле статыстычных дадзеных, амаль 850 тыс. людзей маюць расстройствы слыху. Больш за палову з іх – гэта асобы, якія зусім ня чуюць або чуюць дрэнна. Акрамя таго, з кожным годам такіх людзей становіцца ўсё больш, паніжаецца мяжа ўзросту, калі людзі пачынаюць чуць горш. Паніжаны ўзровень зразуменьня гукаў назіраецца ўжо ў паловы асобаў, якім ня споўнілася яшчэ 40 гадоў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт