Logo Polskiego Radia
Print

Чым карміць дзяцей?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.04.2015 10:19
Няправільнае харчаваньне можа мець трагічныя наступствы – зьвяртаюць увагу лекары й дыетолягі.

Рэгулярна ў экалягічнай рубрыцы мы займаемся тэмай здаровага ладу жыцьця. Сёньня гаворка пойдзе пра правільнае харчаваньне дзяцей.

Няправільнае харчаваньне можа мець трагічныя наступствы – зьвяртаюць увагу лекары й дыетолягі. Здаровы стыль жыцьця трэба прывіваць з маленства. Тым часам, разнастайныя дасьледаваньні паказваюць, што дзеці найбольш ахвотна ядуць піццу, гамбургеры й бульбу фры.

Нашым экспэртам сёньня будзе пэдыятр і гастроляг зь Інстытуту маці й дзіцяці ў Варшаве, доктар Вітальд Клемарчык.

В. Клемарчык: Наступствы бачныя ў эпідэміялягічных дасьледаваньнях, дзе 11-13 гадовыя дзеці лідыруюць сярод дзяцей з атаўсьценьнем. А найгоршае тое, што паўтораныя праз дзесяць гадоў дасьледаваньні паказалі рост колькасьці дзяцей з гэтай праблемай. Важна разумець, што праблемы гэтых дзяцей не пачаліся ва ўзросьце 10-13 гадоў. Яны пачынаюцца амаль што з моманту нараджэньня, альбо, як цяпер мяркуецца, пасьля першага году жыцьця. Рэдка сустракаецца, што атаўсьценьне маюць дзеці да году. Праводзіцца маса вельмі цікавых акцый на карысьць груднога кармленьня. І, сапраўды, усё больш жанчын стараецца як мага больш карміць дзяцей грудзямі. А потым пачынаецца праблема. Дзеці трапляюць на спажывецкі рынак, не падрыхтаваны для іх.

Доктар Клемарчык адзначае, што потым бацькі ня ведаюць, як трэба правільна карміць сваіх дзяцей. Дарослыя не да канца разумеюць важнасьць харчаваньня ў разьвіцьці іх дзяцей. Насамрэч, у даведніках, і ў інтэрнэце, які цяпер зьяўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі, зьмешчана агромная колькасьць ведаў на тэму кармленьня дзяцей. Але, паводле Вітальда Клемарчыа, часта гэта фальшывая ці недастатковая інфармацыя. Бацькі ня могуць ведаць, каторая зь іх сапраўдная.

Наш госьць таксама падкрэсьлівае, што няма адзінага ўзору харчаваньня дзяцей.

В. Клемарчык: Гэта было б дрэнна. Гэта індывідуальнае пытаньне. Я заўсёды кажу бацькам, што дыета для дзіцяці – гэта як добра пашыты касьцюм. Ён павінен быць пашыты па меркам. Таксама з харчаваньнем. Дыета для кожнага дзіцяці павінна быць іншай, паколькі мы адрозьніваемся адзін ад аднога. Акрамя таго кожны чалавек нараджаецца зь генэтычнымі схільнасьцямі.

Адсюль частыя хваляваньні бацькоў, што дзеці харчуюцца аднолькава, але адно зь іх мае праблемы з атлусьценьнем, а іншае не. Усё ж ёсьць пэўны канон правільнага спосабу харчаваньня.

В. Клемарчык: Гэта, напрыклад, прынцып гэтак званых пустых калёрый. Калёрыі з сахарозы, а гэта значыць ласункаў, не даюць ніякай карысьці. Можа здарыцца, што ў вельмі худых дзяцей салодкія рэчы выклічуць рост масы цела. Але дзяці з правільным абменам рэчывам, якія правільна разьвіваюцца, і якія прызвычаіліся да салодкага мэню будуць патрабаваць ад бацькоў толькі такія рэчы. Яны будуць пазьбягаць прадуктаў, якія ўтрымліваюць вітаміны, жалеза, кальцый, магній, харчовыя валокны. Важна, каб з маленства кшталтаваць правільныя ўзоры харчаваньня.

Дзякуючы гэтаму, перакананы спэцыяліст, дзіця, якое ў школе не атрымае ласунка, ня будзе яго шукаць па-за школаю.

Іншым вельмі важным пунктам зьяўляецца сьнеданьне. Госьць лічыць, што гэта самая галоўная порцыя за цэлы дзень.

В. Клемарчык: Сьнеданьне асабліва важнае, паколькі чарговая порцыя, другое сьнеданьне, калі яно ёсьць, значна меншае. А да абеду застаецца сапраўды шмат часу. Дзіця, якое паесьць раніцай, мае шанец ня быць галодным цягам некалькіх бліжэйшых гадзін у садку ці школе. Ён можа свабодна вучыцца, гуляць, засвойваць веды. Такое дзіця мае запас энэргіі на некалькі гадзін. Гэта добрыя харчовыя навыкі. Калі бацькі паклапоцяцца аб тым, каб дзеці елі сьнеданьне, то хутка прыйдуць да высновы, што позьнія вячэры перашкаджаюць таму, каб раніцай дзіця ахвотна ела.

У якасьці другога сьнеданьня дзіця ня можа есьці батончыкаў, чыпсаў ці іншых салодкасьцяў. Гэта павінен быць бутэрброд з агароднінай і садавіна. І, канешне, гэта трэба нечым запіць. Лекар падкрэсьлівае, што гэта ня можа быць сок, салодкая гарбата ці салодкая вада. Дзеці павінны піць звычайную ваду.

Нашага экспэрта непакоіць адрозьненьне тэорыі ад практыкі. Тэарэтычна пераважная колькасьць бацькоў ведае, як трэба харчаваць дзяцей. Аднак у практыцы яны гэтага ня робіць. На думку Вітальда Клемарчыка, урадавыя й няўрадавыя арганізацыі павінны як мага больш працаваць над мэнталітэтам бацькоў. Загады ці забароны нічога не дадуць. Значна лепшы вынік будзе тады, калі людзі зразумеюць і пяроймуць пэўныя погляды.

Кшыштаф Гжэсёўскі/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт