Logo Polskiego Radia
Print

Вялікі аркестр сьвяточнай дапамогі зноў перамагае

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.01.2015 15:04
Падчас учарашняй акцыі валянтэрам перашкаджала надвор'е, а менавіта - ураган „Фэлікс”.

У нядзелю фонд „Вялікі аркестр сьвяточнай дапамогі” ўжо 23 раз арганізаваў сваю штогадовую дабрачынную акцыю. Тысячы добраахвотнікаў па ўсёй Польшчы змагаліся з моцным ветрам, каб сабраць грошы з мэтай дапамогі дзецям і пажылым людзям, нагадае выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Падчас сёлетняй акцыі грошы зьбіралі дарослыя, дзеці, але таксама жывёлы, плянэтаходы ды нават супэргероі. У Шчэціне нехта бачыў Бэтмэна, а ў Беластоку – герояў „Зорных войнаў”. Агулям у акцыі ўдзельнічалі каля 120 тысяч чалавек. Усе абавязкова абклееныя характэрнымі чырвонымі налепкамі-сэрцамі.

Як яны сёлета справіліся? Апоўначы стала вядома, што ўдалося сабраць больш за 8 млн 177 тыс. эўра (гэта каля 35 млн злотых). Пра тое, ці сёлета ўдалося пабіць леташні рэкорд, то бок сабраць больш за 12 млн 149 тыс. эўра (52 млн злотых), акажацца толькі пасьля падліку ўсіх грашовых пераводаў, у тым ліку зь вельмі папулярных інтэрнэт-аўкцыёнаў.

Акцыя „Вялікі аркестр сьвяточнай дапамогі” прайшла па ўсёй Польшчы і ў больш чым 60 гарадох за мяжой, між іншым, у Лёндане, Дубліне, Брусэлі й Нью-Ёрку.

Мерапрыемства адбылося амаль без непрыемных інцыдэнтаў. Аднак у некаторых месцах у правядзеньні мерапрыемства моцна перашкаджала надвор'е, а менавіта - ураган „Фэлікс”. Канцэрты, якія суправаджалі дабрачынную акцыю, прыйшлося адмяніць, напрыклад, у Познані, Торуні ды горадзе Пабяніцэ.

Сабраныя сёлета сродкі фонд плянуе прызначыць на падтрымку стандартаў дзіцячай дыягностыкі. Упершыню яны будуць вылучаныя на падтрымку пульманалёгіі.

Аднак акцыя адбылася ня толькі для дзяцей, але - ужо трэці раз – таксама для пажылых людзей у Польшчы, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт