Logo Polskiego Radia
Print

Фірма, у якой пякуць найлепшыя пончыкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.12.2014 13:51
А. Блікле: Важныя партнэрскія адносіны з працаўнікамі, але не гавары пра іх, а рабі – давярай сваім людзям.

/

Сьвяточны нумар тыднёвіка Wprost друкуе інтэрвію з прафэсарам матэматычных навук Анджэем Блікле, які больш вядомы ў Польшчы ў якасьці ўладальніка славутай кандытарскай фабрыкі Блікле, дзе робяць, паводле агульнага меркаваньня, найлепшыя пончыкі ў краіне.

Суразмоўца выданьня расказвае пра тое, як ён стаў кіраўніком сямейнай кампаніі, хаця на пачатку не хацеў займацца бізнэсам, пайшоў на матэматыку, выкладаў у ВНУ. Але пасьля падзеньня камунізму заняўся фірмай, пачаў яе разьвіваць. А ў яе ўжо тады было 120 гадоў традыцыі.

Продкі Анджэя Блікле прыехалі ў Польшчу зь Нямеччыны праз Швайцарыю. Дзядуля заснаваў кандытарскую фабрыку. І першы пачаў смажыць пончыкі з шыпшынавым мармэлядам. У часы сацылізму фірма далей была прыватнай, хаця такім прадпрыемствам не было лёгка. Напрыклад, Анджэя не прынялі ў камсамольцы. На суразмоўі, калі яго запыталі, ці ён заўважае экспюатацыю рабочых, ён адказаў, што не, паколькі ў фірме ягонага бацькі ўсе адчуваюць сябе як у сям’і, супрацоўнікі атрымліваюць абеды.

Блікле стараецца разьвіваць сваю фірму паводле гэтак званых арганічных правілаў, гэта значыць, каб былі задаволеныя ўсе: добры прадукт для кліентаў, добрая праца для працаўнікоў, сумленная аплата падаткаў, сыстэматычная выплата крэдытаў і даход для ўладальнікаў. Каб збудаваць такі брэнд, патрэбны час, шмат гадоў. Вельмі важныя партнэрскія адносіны з уласнымі працаўнікамі, але не гавары пра іх, а рабі – давярай сваім людзям. Анджэй Блікле доўга езьдзіў на старой машыне, паколькі лічыў, што няёмка купляць шыкарнае аўто за фірмовыя грошы, калі ён ня можа заплаціць сваім працаўнікам столькі, колькі хацеў бы.

Wprost/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт