Пакрысе заканчваецца роварны сэзон. У гэтым годзе надвор’е выключна спрыяе веласіпедыстам. На двары палова кастрычніка, а ўмовы для язды на ровары ідэальныя. Тым ня менш, веласіпедысты пачынаюць ужо падсумоўваць роварны сэзон. У Польшчы ён быў вельмі ўдалым.
Хацелася б задаволіць цікаўнасьць нашых слухачоў і распавесьці пра розныя аспэкты язды на ровары як у Беларусі, так і Польшчы. Але некалькі хвілін часу, адведзеных на гэты сюжэт, не дазволяць дакладна сказаць пра ўсе розьніцы і нюансы веласіпеднага транспарту ў Беларусі ды Польшчы. Таму я згадаю крыху пра розьніцы ў тым, якія ўмовы і правілы руханьня на ровары па беларускіх і польскіх гарадах.
Трэба сказаць, што апошнімі гадамі значна зьмяніўся грамадзкі падыход да язды на ровары ў Польшчы. Яшчэ нядаўна гэта было крыху сорамна, паколькі ў агульным успрыняцьці на ім езьдзіў той, хто ня мог сабе дазволіць купіць аўто. Цяпер жа ровар стаў вельмі эгалітарным сродкам перамяшчэньня - на ім езьдзяць усе, і часта багатыя асобы, асабліва ў буйных гарадах. Мой уласны прыклад паказвае, што на ровары ня раз можна хутчэй і зручней дабрацца да мэты, чым на аўтобусе або нават машыне.
Адзначу адну вялікую розьніцу паміж Польшчай і Беларусяй – у Польшчы веласіпедысты ў прынцыпе не павінны езьдзьць па тратуарах. Для іх адведзеныя адмысловыя дарожкі, а калі такой дарожкі няма, то неабходна рухацца па праезжай частцы. За язду па тратуарах можна атрымаць штраф. У сваю чаргу, у Беларусі наадварот, за руханьне па дарозе ДАІ можа выпісаць штраф, а ніхто ня супраць язды па дарожцы для пешаходаў. Наступнае, што кідаецца ў вочы чалавеку, які спрабуе ехаць на ровары па Менску – вельмі высокія бардзюры. У Варшаве бардзюры намнога ніжэйшыя, а на роварных сьцяжынках іх пераважна зусім няма.
Тым ня менш, веласіпедны транспарт усё больш папулярны як у Беларусі, так і Польшчы. А апошні сэзон польскія веласіпедысты лічаць вельмі удачным. Так мяркуюць як так званыя нядзельныя аматары двух колаў, так і тыя, хто стараецца не карыстацца іншым сродкам транспарту. У Польшчы былі так зьменены законы, што можна ўжо езьдзіць па супрацьпаводкавых валах, у Кракаве на рэфэрэндуме жыхары падтрымалі ідэю будаўніцтва густой сеткі роварных дарожак, а саміх веласіпедыстаў пачалі заўважаць кіроўцы і палітыкі, - адзначае старшыня Таварыства “Гарады для ровараў” Марцін Гыла.
М. Гыла: Веласіпедны рух пашыраецца. Гэта відаць усюды. У Гданьску на адной з трасаў паявілася 10 тыс. веласіпедыстаў у адзін дзень. І гэта, бадай, першы раз, калі падчас памеру колькасьці ровараў паявілася такая круглая лічба.
У Варшаве расьце папулярнасьць гарадзкіх ровараў. У сталіцы Польшчы працуе сыстэма пракату Veturilo, у рамках якой існуе шмат станцый, дзе за невялікую аплату можна ўзяць напракат ровар. У гэтым годзе пракат быў зафіксаваны паўтара мільёна разоў. Паяўляецца таксама ўсё больш веладарожак. Гаворыць Рафал Мушчынка з парталу “Польшча на ровары”.
Р. Мушчынка: Чарговая добрая навіна – працягваецца праца ў Міністэрстве інфраструктуры над тым, каб увесьці зьмены ў законы аб роварным руху. Калі гэта адбудзецца, прасьцей будзе будаваць веладарожкі, выдзяляць сьцяжынкі для язды на роварах, будаваць сучасную інфраструктуру для веласіпедыстаў, якой нам яшчэ не хапае ў Польшчы.
Сэзон завяршаецца, але не для ўсіх. Некаторыя гарачыя прыхільнікі ровараў гатовыя езьдзіць на іх ўвесь год. І гэта магчыма. Нават мокрай восеньню або сьнежнай зімою можна езьдзіць на ровары. Галоўнае – адпаведная вопратка, - пераконвае Рафал Мушчынка.
Р. Мушчынка: Што ж, неабходна езьдзіць паволі і асьцярожна, каб не ўпасьці. Трэба, канешне, інакш апрануцца. Але, самае галоўнае – можна езьдзіць зімою, ёсьць такая магчымасьць.
Як палякі, так і беларусы ўсё больш цэняць экалягічны, танны і прыемны спосаб перамяшчэньня на двух колах. У гэтым яны паступова набліжаюцца да краін Заходняй Эўропы, дзе веласіпедны рух улады стараюцца разьвіваць ужо здаўна. Палякі на гэтым шляху зайшлі крыху далей, хаця б у галіне інфраструктуры, але беларусы іх даганяюць. Напрыклад, год таму ў Менску паявілася месца, якое называецца Bike Kitchen. Там можна бясплатна скарыстацца парадамі іншых аматараў ровараў, інструмэнтамі, каб ровар адрамантаваць або адрэгуляваць. У Варшаве я не сустрэла такіх месцаў.
нг