У мясе нарвэскіх аленяў знойдзены рэкордны ўзровень радыяцыі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
09.10.2014 12:12
Пэрыяд паўраспаду для цэзія-137 складае 30 гадоў.
У нарвэскай папуляцыі паўночных аленяў у верасьні 2014 г. выяўлены рэкордны ўзровень радыяцыі. У мясе асобіны, падстрэленай на сугор'і Ютунхэймэн (поўдзень краіны), знайшлі цэзій-137 у канцэнтрацыі 8200 бэкерэль на кіляграм, у той час як у мінулыя гады гэты паказьнік ніколі не перавышаў 1500 Бк/кг, паведамляе газета The Local.
У мясе дзікіх баранаў па ўсёй краіне таксама адзначаны высокі ўзровень радыёактыўнага заражэньня: да 4500 Бк/кг, пры тым, што бясьпечнай для здароўя чалавека дозай лічыцца 800 Бк/кг. Нарвэскія навукоўцы выявілі прычыну гэтага анамальнага ўсплёску: у 2014 годзе вырасла рэкордная колькасьць грыбоў, перш за ўсё ядомага белага прыбалотніка (Cortinarius caperatus), які выдатна ўпітвае радыёактыўныя рэчывы з глебы.
Радыёактыўныя рэчывы патрапілі ў біясфэру Нарвэгіі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Пэрыяд паўраспаду для цэзія-137 складае 30 гадоў. «Такім чынам, ужо ў 2016 годзе палова радыёактыўнага пылу, якая патрапіла ў краіну з Чарнобыля, перастане быць небясьпечнай для здароўя. Але нават цяпер у харчовы ланцуг трапляе толькі малая доля таксічнага рэчыва. Усплёск радыяцыйнага заражэньня назіраецца ў пашавых жывёл кожную восень, але, на шчасьце, зімовыя паказьнікі стабільна зьніжаюцца», — адзначыў Лаўранс Скутэруд, супрацоўнік Нарвэскага ўпраўленьня па абароне ад радыяцыі.
эб