Logo Polskiego Radia
Print

Слухавы апарат як акуляры

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.09.2014 18:10
Неўзабаве слухавы апарат нікога ня будзе зьдзіўляць, таксама, як цяпер акуляры.

/

Тэхналягічны прагрэс за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў быў такім маланкавым, што нашы арганізмы, асабліва вочы ды вушы, не пасьпяваюць прывыкнуць да навінак. У выніку людзі ўжо зь дзяцінства пачынаюць траціць добры зрок і слых. Спэцыялісты кажуць, што неўзабаве мы пачнем насіць слухавыя апараты таксама часта, як цяпер носім акуляры.

Так, акуляры даўно ўжо нікога не зьдзіўляюць. Усё больш людзей носіць гэтае простае вынаходніцтва, якое дазваляе лепш бачыць. Гэта і ня дзіўна, што зрок псуецца часта з самых раньніх гадоў – нашы вочы цяжка працуюць, мы чытаем, карыстаемся кампутарамі, іншымі электроннымі прыладамі. Крамы з акулярамі сустрэнеш на кожным кроку. І калі яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму ў школах дразьнілі дзяцей у акулярах, то цяпер ніхто не зьвяртае на гэта ўвагі.

Адмыслоўцы кажуць, што неўзабаве так будзе і са слыхам. Пакуль што слухавы апарат атаесамліваецца выключна з глыбокай старасьцю, але гэта паступова будзе зьмяняцца. Недахоп слыху паяўляюцца ўсё часьцей ужо ў маладым узросьце. Хаця пакуль што лекары канцэнтруюць увагу на старэйшых людзях, каб хаця б іх пераканаць, што ня варта саромецца, калі паяўляюцца праблемы са слыхам.

31% пажылых людзей у Польшчы прайшлі ўжо абсьледаваньне і лекар паставіў ім дыягназ частковай страты слыху. У сваю чаргу, каля 80% людзей пасьля 60 году жыцьця мяркуе, што яны горш чуюць.

Надоечы ў Варшаве прайшла прэс-канфэрэнцыя, на якой быў прадстаўлены рапарт дасьледчай кампаніі TNS Polska пад назваю “Слых польскіх пажылых людзей”. Было праведзена 500 апытаньняў жыхароў гарадоў у жніўні гэтага году.

Сацыёляг Пётр Шукальскі зьвяртае ўвагу на вялікі маштаб гэтай грамадзка-мэдычнай праблемы.

П. Шукальскі: Гэта справа, якая паказвае, з аднаго боку, на шырокі маштаб праблемаў са слыхам, а таксама, зь іншага боку, на маштаб розьніцаў паміж тым, як самі людзі бачаць праблему і мэдычным дыягназам.

Дзякуючы разьвіцьцю сучаснай тэхнікі слабы слых можна вельмі эфэктыўна ўзмацняць. Але пацыенты часта ня ведаюць, якія ёсьць магчымасьці лячэньня, або саромеюцца зьвяртацца да лекара, паколькі мяркуюць, што старасьць мае свае правы, і стары чалавек губляе слых, нічога з гэтым ня зробіш, так павінна быць.

Прафэсар Вітальд Шыфтэр з Мэдычнага ўнівэрсытэту ў Познані адзначае, што сямейныя лекары, тэрапеўты павінны нагадваць старэйшым асобам пра праверку слыху.

В. Шыфтэр: Пра гэтую праблему – пашкоджаньне слыху – мы без сумненьня будзем чуць усё часьцей. Кожны з нас хоча глядзець тэлебачаньне, слухаць радыё, а тут пацыент гаворыць, што ён чуе, але не разумее. Чую, але не разумею, і хачу гэта зьмяніць.

Адзін з пацыентаў, якія прысутнічалі на канфэрэнцыі ў Варшаве, сказаў, што слых яму вярнуў імплянт больш за 30 гадоў таму, калі яму было каля 50 гадоў.

Пацыент: Гэта не да канца натуральны слых, паколькі ён аднабаковы. Часамі здараецца, што я не магу зразумець, дзе знаходзіцца крыніца гуку.

Аслабленьне слыху – гэта частая праблема пажылых людзей, але як правіла не адзіная. І таму здараецца, што іншыя, больш сур’ёзныя хваробы стаяць на важнейшым месцы, а слабы слых не пагражае сьмерцю або калецтвам, таму адыходзіць на другі плян. Таму так важна, каб старыя людзі атрымлівалі комплексную апеку спэцыялістаў, каб не прыходзілася ім вандраваць ад аднаго да другога і трэцяга лекара, - гаворыць мазавецкі кансультант па герыяатрыі доктар Эльжбета Козак-Шкопэк.

Э. Козак-Шкопэк: Каб не дапусьціць да зьявы, якую мы называем – лячэньне лякарства лякарствам. Гэта замкнутае кола. Пацыент атрымлівае лекі, якія ня толькі лечаць, але маюць таксама нэгатыўны ўплыў на арганізм, у сувязі з чым пацыент атрымлівае чарговы лек дзеля таго, каб ліквідаваць адмоўны ўплыў іншага лякарства.

Польскае грамадзтва, таксама, як беларускае, старэе вельмі хуткімі тэмпамі. А старэйшыя асобы зьяўляюцца частымі пацыентамі паліклінік і шпіталей. Да апекі над усё большай колькасьцю пажылых людзей павінна падрыхтавацца сыстэма службы аховы здароўя. На жаль, спэцыяліст лячэньня сталых людзей – герыятар – усё яшчэ зьяўляецца даволі экзатычным прадстаўніком мэдычнай прафэсіі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт