Logo Polskiego Radia
Print

Жнівень у Польшчы – месяц паломніцтваў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.08.2014 14:00
  • Багацьце веры.mp3
Палякі – гэта нацыя, якая паломнічае найбольш ахвотна.

У жніўні ў санктуарый Маці Божай на Яснай Гары стартуе з Варшавы шэсьць розных паломніцтваў.

Са сталіцы ў Чанстахову будуць паломнічаць, сярод іншага, студэнты, сем'і ды бяздомныя.

Напрыклад, у аўторак, 5 жніўня, з Варшавы выйшла 23-е Паломніцтва інвалідаў.

Са сталіцы паломнікі павінны пераадолець трасу, якая складае больш за 300 кілямэтраў. Кожны зь іх нясе сваю просьбу да Бога.

Удзельніца: Я буду маліцца за сваё здароўе, за здароўе маёй сям’і. За тое, каб я выдатна абараніла магістарскую працу, каб знайшла добрага мужа.

Асаблівымі паломнікамі будуць бяздомныя, якія падчас паломніцтва будуць апекавацца паломнікамі-інвалідамі.

Робэрт: Мяне завуць Робэрт. Мы падтрымліваем адзін аднаго ды клапоцімся пра інвалідаў. Гэта такая падвойная задача й адначасова матывацыя.

Таксама ў аўторак стартавала 34-е Акадэмічнае мітрапалітарнае паломніцтва. Сёлета ягоныя маладыя ўдзельнікі ідуць на Ясную Гару зь лёзунгам „Апошнія словы, апошнія ўчынкі…”.

Сярод іх шмат асобаў паломнічае ўпершыню, але ёсьць і тыя, хто ўдзельнічае ў паломніцтве штогод.

Паломнік: Гэта захапляе, вельмі захапляе. Кожны год, калі набліжаецца жнівень, мне хочацца ісьці. Гэта такая ўнутраная патрэба.

Паломнік: Сёлета я адзначаў два юбілеі: 50-годзьдзе з дня майго нараджэньня й 25-годзьдзе без алькаголю. Гэта дзьве асноўныя справы, за якія хачу падзякаваць падчас паломніцтва.

Паломнік: Зразумела, важная вера, паколькі безь яе цяжка было б на нешта такое вырашыцца, але ёсьць таксама самазадавальненьне, што чалавек дае рады. Гэта таксама псыхічны адпачынак.

Паломнікі прыбудуць на Ясную Гару 14 жніўня. Многія зь іх застануцца ў санктуарыі да 15 жніўня, каб удзельнічаць ва ўрачыстасьці Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Жнівень – гэта ў Польшчы месяц паломніцтваў, а палякі – нацыя, якая паломнічае найбольш ахвотна. Кожны 20-ы паломнік гэта паляк.

аз

„Шпіталь для Сэктара Газа”

„Caritas Polska” зьбірае сродкі на дапамогу ахвярам палестынска-ізраільскага канфлікту.

Каталіцкая дабрачынная арганізацыя „Caritas Polska” пачала збор грошай на мэдычныя сродкі для жыхароў Сэктара Газа.

Да дапамогі гораду, які апынуўся ў драматычнай гуманітарнай сытуацыі, заклікаў „Caritas Internationalis”.

Сабах Амін, супрацоўнік ерусалімскага аддзелу дабрачыннай арганізацыі, які зараз знаходзіцца ў Газе, горача просіць дапамогі.

Саббах Амін: Працуючы для арганізацыі „Caritas”, мы пастаянна змагаемся са страхам за ўласнае жыцьцё, але стараемся дапамагчы палестынскім сем'ям у гэты цяжкі час. Мы прапануем мэдыцынскую дапамогу й аказваем іншую неадкладную падтрымку. Цяпер мы пастаўляем прадукты харчаваньня, сродкі гігіены, пітную ваду. Многія людзі знайшлі прытулак у школах, якія дзейнічаюць пры ўстановах ААН. У Сэктары Газа дзейнічаюць чатыры буйныя шпіталі, але колькасьць параненых настолькі вялікая, што яны ня могуць працаваць эфэктыўна.

Агенцтва ААН па падтрымцы палестынскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе разам зь Міністэрствам аховы здароўя Палестыны зьвярнуліся ў арганізацыю „Caritas” з просьбай дапамагчы каардынаваць дапамогу пацярпелым, якія знаходзяцца ў мэдыцынскіх установах.

Колькасьць пацыентаў пастаянна павялічваецца, а дзяржаўныя ўстановы ня ў стане рэагаваць на крызыс.

Сабраныя „Caritas Polska” грошы будуць накіраваныя ў аддяленьне арганізацыі ў Ерусаліме, якое купіць неабходныя лекавыя сродкі й перадасьць іх у Сэктар Газа.

Акцыя „Шпіталь для Сэктара Газа” стартавала ў Польшчы 4 жніўня.

аз

Папа зьняў кананічнае пакараньне зь вядомага сьвятара

Мігель Д’Эскот Брокман быў пакараны за ўдзел у палітычнай дзейнасьці.

Папа Францішак адмяніў пакараньне суспэнсай у адносінах да 81-гадовага айца Мігеля Д’Эскота Брокмана.

Сьвятар трапіў пад кананічныя санкцыі ў 80-я гады за ўдзел у палітычнай дзейнасьці ў Нікарагуа. Ён прыняў пакараньне ад самага пачатку й не выконваў душпастырскіх функцый, застаючыся аднак членам сваёй місіянэрскай супольнасьці.

Некалькі гадоў таму Мігель Д’Эскот Брокман пакінуў палітычную дзейнасьць. Ён напісаў ліст Сьвятому Айцу, у якім выказаў жаданьне „перад сьмерцю” зноў цэлебраваць Эўхарыстыю. Пантыфік даў сваю згоду й папрасіў настаяцеля супольнасьці падтрымліваць яго ў працэсе вяртаньня да сьвятарскага служэньня.

У 1970-я гады, ужо будучы сьвятаром, Мігель Д’Эскот Брокман патаемна ўступіў ў Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызваленьня – левую нікарагуанскую партыю. Пасьля яе прыходу да ўлады Брокман стаў міністрам замежных спраў Нігарагуа й прабыў на гэтай пасадзе да 1990 г. У 2007 г. ён стаў дарадчыкам па міжнародных справах пры прэзыдэнце Даніэлю Артэгу. У 2008 г. быў абраны старшынём 63-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

be.radiovaticana.va/аз

Ня будзе пакараньня для ксяндза Ляманьскага

Сьвятар папрасіў прабачэньня за свае выказваньні падчас „Прыпынку Вудсток”.

Ня будзе пакараньня для ксяндза Войцеха Ляманьскага за ягонае выказваньне падчас музычнага мерапрыемства „Прыпынак Вудсток”.

Выкліканы ў курыю Варшава-Прага сьвятар растлумачыў сэнс сваіх словаў, якія прагучалі ў Костшыне-на-Одэры й прасіў прабачэньня за некаторыя зь іх.

Ксёндз Войцех Ляманьскі прызнаў, што некаторыя выказваньні, накіраваныя да ўдзельнікаў мерапрыемства, ён павінен быў лепш прадумаць.

Нагадааем, засьцярогі іерархаў выклікалі, сярод іншага, словы пра „акасьцяненьне" Касьцёла, якое будзе працягвацца да таго часу, пакуль не памрэ пакаленьне цяперашніх біскупаў.

У ходзе сустрэчы ў курыі былі таксама разгледжаны іншыя аспэкты дзейнасьці сьвятара, у тым ліку яго службы ў Мазавецкім цэнтры нэйрапсыхіятрыі. Курыя згадзілася, каб ён удзельнічаў у некаторых цырымоніях у сваёй папярэдняй парафіі ў Ясяніцы.

Сьвятар Ляманьскі таксама зможа працягваць сваю працу па разьвіцьці хрысьціянска-габрэйскага дыялёгу, але пра сваю дзейнасьць павінен інфармаваць біскупа.

Нагадаем, ксёндз Войцех Ляманьскі – вядомы прыхільнік хрысьціянска-габрэйскага дыялёгу, - за свае адважныя выказваньні ўжо раней апынуўся ў гучным канфлікце з каталіцкімі іерархамі. За гэта ён атрымаў вымову, забарону выказвацца ў СМІ й быў зьняты з функцыі пробашча парафіі ў Ясяніцы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт