Logo Polskiego Radia
Print

Арганізатар паломніцтва пад наглядам паліцыі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.05.2014 15:30
  • Багацьце веры.mp3
„На хуткім цягніку Міласэрнасьці” ў Ватыкан плянавалі падарожнічаць маладыя з Ўсходняй Эўропы.
foto: EPA/ANGELO CARCONI

У нядзелю 27 красавіка ў Ватыкане прайшла ўрачыстая кананізацыя двух Папаў рымскіх: Яна Паўла ІІ і Яна XXІІІ. Каб удзельнічаць у гэтай падзеі ў Апостальскую Сталіцу накіраваліся тысячы вернікаў з Польшчы. Усё ж, канчаткова, ня ўсім пашанцавала пабываць на мерапрыемстве.

Арганізатар кананізацыйнага „Хуткага цягніка Міласэрнасьці” (Ekspres Miłosierdzia) Марэк Малісевіч трапіў пад нагляд паліцыі. Ён абвінавачваецца ў ашуканстве. Частка паломнікаў, якія заплацілі за паездку ў Ватыкан, Апостальскай Сталіцы нават не пабачылі. Цягнік павінен быў адправіцца ў Рым у мінулую пятніцу з Варшавы й Чэнстаховы, але не адправіўся.

Ксёндз Лешэк Крыжа – душпастар моладзі з Усходняй Эўропы, лічыць, што арганізатар паломніцтва „Хуткі цягнік Міласэрнасьці” проста ня справіўся з заданьнем.

Канчаткова ксёндз Лешэк Крыжа сам арганізаваў транспарт для больш чым сотні сваіх выхаванцаў.

ксёндз Лешэк Крыжа: Гэта вельмі непрыемная падзея. Я цешуся, што ўсё ж мае выхаванцы ў Ватыкан паехалі. Гэта сапраўды вельмі маладыя людзі, для якіх паездка ў Рым была сама па сабе вялікай падзеяй, а ў гэтым выпадку яны ж дадаткова ехалі ўдзельнічаць у кананізацыі.

Выхаванцы ксяндза Лешэка Крыжэ раней пералічылі па 1100 злотых на паломніцтва „Хуткім цягніком Міласэрнасьці”. Канчаткова грошы на аўтобус у Рым для моладзі з Усходняй Эўропы перадала Група дапамогі каталіком на Ўсходзе Эўропы, якая дзейнічае пры Эпіскапаце Польшчы.

Пасьля вяртаньня з Рыма маладыя людзі індывідуальна вырашаць, ці адстойваць свае правы ў судзе.

Гэтак званым „Хуткім цягніком Міласэрнасьці” мелі падарожнічаць каля 700 чалавек.

аз

Касьцёл мае праблему з Канвэнцыяй Рады Эўропы

Іерархам не падабаюцца некаторыя палажэньні дакумэнту.

Эпіскапат Польшчы выказваецца за абарону жанчын, але супраць некаторых палажэньняў Канвэнцыі Рады Эўропы па справе супрацьдзеяньня гвалту ў адносінах да жанчын і гвалту ў сям’і. Між іншым, гаворка ідзе пра зьмену вызначэньня полу,- кажа ксёндз Юзэф Клёх.

„Дакумэнт прадугледжвае, што кожны можа сам вырашаць пра тое, ці ён адчувае сябе жанчынай ці мужчыам. Пол тут аддзелены ад біялягічнага аспэкту ды зводзіцца выключна да культурных пытаньняў. Гэта ўжо чыстая ідэалёгія”, - падкрэсьлівае ксёндз Юзэф Клёх.

Надоечы польскі ўрад накіраваў для апрацоўкі ў парлямэнт праект закона па справе ратыфікацыі Канвэнцыі Рады Эўропы. Польшча падпісала гэты дакумэнт у канцы 2012 году. Да яго ратыфікацыі заклікалі жаночыя арганізацыі й арганізацыі, якія аказваюць дапамогу ахвярам гвалту.

Паводле Эпіскапату Польшчы, польскае заканадаўства мае ўжо шмат інструмэнтаў па барацьбе з гвалтам і агрэсіяй у дачыненьні да жанчын. Апрача таго, Касьцёл у Польшчы настойвае, каб па справе канвэнцыі маглі выказацца таксама дзеячы каталіцкіх арганізацыяў у абарону жыцьця.

аз

Гнезна ўшанавала свайго заступніка

З-за кананізацыі Яна Паўла ІІ і Яна XXIII дзень сьв. Войцеха быў адтэрмінаваны на тыдзень.

Мошчы заступніка Гнезна сьвятога Войцеха, а таксама рэліквіі сьвятога Яна Паўла ІІ і шэрагу іншых польскіх сьвятых цягам мінаючых выходных можна было ўбачыць на вуліцах Гнезна.

Між іншым, такім чынам горад і Касьцёл адсьвяткавалі Дзень сьвятога Войцеха - штогадовае агульнанацыянальнае сьвята, у якім прынялі ўдзел каля 40 біскупаў з Польшчы, Чэхіі й Нямеччыны.

Як паясьняе канцлер Курыі ў Гнезна ксёндз Збігнеў Пшыбыльскі, з-за кананізацыі Яна Паўла ІІ і Яна XXIII сёлетняе сьвята заступніка горада праходзіла на тыдзень пазьней, але мела ўнікальны характар.

ксёндз Збігнеў Пшыбыльскі: Ад імя ўсёй краіны мы хочам падзякаваць Богу за кананізацыю Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ.

Апрача традыцыйных працэсіяў з мошчамі сьвятога апекуна Гнезна, адбыліся таксама дзьве важныя падзеі – асьвячэньне могілак прымасаў Польшчы й новай капліца сьв. Ян Паўла ІІ, дзе разьмешчаны рэліквіі Папы рымскага - паляка.

Паводле традыцыі, якую ўсталяваў сьвяты Ян Павел ІІ, прымас Польшчы ўручыў місійныя крыжы каля 40 сьвятарам і сьвецкім асобам, якія накіруюцца на місіі ў самыя аддаленыя рэгіёны сьвету.

аз

Крыж Сусьветных дзён моладзі наведае Беларусь

Ён будзе прысуты падчас сёлетніх урачыстасьцяў Маці Божай Будслаўскай.

У Беларусь прыбудуць сымбалі Сусьветных дзён моладзі – крыж і абраз Маці Божай „Salus Populi Romani”, якія ўжо шмат гадоў зьяўляюцца нязьменнымі „ўдзельнікамі” міжнароднага моладзевага форуму.

Крыж і абраз завітаюць у Беларусь у рамках падрыхтоўкі да Сусьветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2016 годзе ў Кракаве.

„Гэта падзея пачнецца ў канцы чэрвеня й завяршыцца ў палове ліпеня. Важным зьяўляецца тое, што на гэты час прыпадаюць урачыстасьці Маці Божай Будслаўскай і Маці Божай Тракельскай. І гэты крыж будзе там. І важна тое, што ён будзе ў Будславе. Набажэнствам, якое адбудзецца 4-5 ліпеня, мы будзем завяршаць юбілейны год прыбыцьця Будслаўскага абраза Маці Божай. І мы будзем завяшаць яго з гэтым крыжом”, - сказаў Менска-Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп дадаў, што пэрэгрынацыя па Беларусі - гэта знакавая падзея. Паўсюдны Касьцёл перажывае Год веры, а сымбалям нашай веры зьяўляецца крыж. Дарэчы, у Беларусі, у рамках праграмы Года веры, праходзіць акцыя па аднаўленьні крыжоў.

Прадстаўнікам Польшчы крыж і абраз ужо былі перададзены ў Пальмовую нядзелю ў Рыме. У Беларусі яшчэ абмяркуюць падрабязнасьці перадачы сымбаляў і правядзеньня адмысловага набажэнства ў Будславе.

be.radiovaticana.va/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт