Уладзімір Клічко будзе баксаваць яшчэ 10 гадоў
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
22.04.2014 22:22
Украінскі баксёр Уладзімір Клічко заявіў, што плянуе заставацца ў спорце як мінімум бліжэйшыя 10 гадоў.
Паводле словаў баксёра, яго місія на рынгу яшчэ ня выкананая. Пра гэта паведамляе сайт нямецкага выданьня Die Welt .
«Мне нядаўна споўнілася 38 гадоў, гэта проста лічба. Спалучэньне досьведу, фізычных магчымасьцяў, тэхнікі і тактыкі дазваляе мне заставацца добрым баксёрам», - заявіў Клічко-малодшы.
Бліжэйшы бой украінец правядзе 26 красавіка ў нямецкім Обэрхаўзэне з аўстралійцам Алексам Леапаі. Гульня будзе весьціся за тытулы чэмпіёна сьвету паводле IBF (Міжнародная баксёрская фэдэрацыя), WBO (Сусьветная баксёрская арганізацыя) і WBA (Сусьветная баксёрская асацыяцыя), якімі валодае украінец.
Калі Клічко захавае чэмпіёнскі пояс IBF да 2018 года, то ён паб’е рэкорд амэрыканца Джо Луіса па часе валоданьня тытулам. Луіс заставаўся чэмпіёнам сьвету з 1937 па 1949 год. Украінец выйграў тытул IBF у 2006 годзе.
Клічко правёў на рынгу 64 баі, выйграўшы 61 (51 - накаўтам). Украінец прайграў усяго тры паядынкі.
эб/lenta.ru