Logo Polskiego Radia
Print

У Аўстраліі афіцыйна зьявіўся нявызначаны пол

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 04.04.2014 07:38
Высокі суд Аўстраліі прызнаў наяўнасьць трэцяга полу ў людзей.


Высокі суд Аўстраліі прызнаў наяўнасьць трэцяга полу ў людзей і пастанавіў, што грамадзяне могуць вызначаць свой пол ў дакумэнтах не толькі як мужчынскі або жаночы, але і як нявызначаны, паведамляюць інфармагенцтвы.

Падставай для вынясеньня такога рашэньня стала шматгадовая цяжба жыхара Сіднэя імём Норы з гарадскім бюро рэгістрацыі грамадзянскага стану. Норы нарадзіўся мужчынам, але ў 1989 годзе зрабіў сабе апэрацыю па зьмене полу і вырашыў жыць «ні як мужчына, ні як жанчына». Аднак згодна з правіламі, якія існавалі дагэтуль, у афіцыйных дакумэнтах абавязкова павінна ўтрымлівацца адзнака ў графе «пол: мужчынскі, жаночы». Таму ў афіцыйных паперах Норы па-ранейшаму называлі то мужчынам, то жанчынай.

Цяпер уладам прыйдзецца дадаць у дакумэнты новы варыянт - «пол нявызначаны».

«Я ў эйфарыі!», — заявіла Норы журналістам у сувязі з судовым вэрдыктам.

Улічваючы, што Высокі суд зьяўляецца вышэйшай судовай інстанцыяй у Аўстраліі, яго рашэньне паставіла апошнюю кропку ў спрэчцы з нагоды існаваньня трэцяга полу ў чалавека.

Аўстралія ня першая краіна ў сьвеце, дзе на афіцыйным узроўні прызналі існаваньне трэцяга полу. Нямеччына і Нэпал дазваляюць сваім грамадзянам ставіць прочырк ў графе полу.

БелТА/nn.by/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт