Атлусьценьне і дэмэнцыя - паняцьці зьвязаныя, гэта ўсім добра вядома. Але, як нядаўна высьветлілася, нават проста залішняя вага (калі індэкс масы цела - 25 або крыху больш) таксама зьяўляецца фактарам рызыкі. Да гэтага прыйші швэдзкія навукоўцы, якія назіралі за двайнятамі старэйшымі за 65 гадоў. Такія вынікі цалкам супадаюць з высновамі супрацоўнікаў Інстытуту Купэра (ЗША). Яны прааналізавалі фізычную форму 19 тысяч людзей і затым назіралі за імі на працягу чвэрці стагодзьдзя. Аказалася, што ва ўсіх, хто меў нізкі ўзровень фізычнай падрыхтоўкі на момант збору першасных дадзеных, з гадамі разьвілася дэмэнцыя.
Тым ня менш, трэніроўкі дапамагаюць ня толькі зьнізіць рызыку разьвіцьця разумовай адсталасьці, але і запаволіць яе: фізычныя заняткі паляпшаюць кагнітыўныя здольнасьці людзей з дэмэнцыяй і дазваляюць захаваць навыкі, неабходныя ў будзённым жыцьці.
Харчаваньне таксама дапамагае ў прафіляктыцы дэмэнцыі. Паводле дасьледаваньня швэдзкіх навукоўцаў, чым больш гародніны і садавіны ў рацыёне маладых людзей, тым меншыя шанцы разьвіцьця дэмэнцыі пад старасьць.
Курэньне, наадварот, павышае рызыку ўзьнікненьня дэмэнцыі (два пачкі ў дзень павялічваюць рызыку ўдвая), а злоўжываньне моцнымі сьпіртнымі напоямі можа нават справакаваць зьяўленьне раньняй дэмэнцыі.
У прафіляктыцы нэрвовых расстройстваў надзвычай важную ролю адыгрывае правільны настрой. Пажылыя людзі, якія пакутуюць ад адзіноты, нярэдка пакутуюць і ад дэмэнцыі. Гаворка ідзе пра настрой, а не пра аб'ектыўныя фактары. Сапраўды адзінокія людзі, якія захоўваюць добры стан духу, пакутуюць ад кагнітыўных парушэньняў не часьцей за тых, у каго ёсьць кампанія. У той жа час у тых, хто адчувае сябе абдзеленым, дэмэнцыя разьвіваецца ў паўтара разы часьцей.
Душэўны дыскамфорт прыносіць мала дабра ў любым узросьце: калі ў маладога чалавека дыягнаставаная дэпрэсія, ягоныя шанцы захварэць сасудзістай дэмэнцыяй напрыканцы жыцьця ўзрастаюць утрая. А колькасьць стрэсавых сытуацый (праблем на працы, растаньняў, разводаў) у сталыя гады павышае рызыку разьвіцьця дэмэнцыі на старасьць. Прынамсі ў жанчын. На думку навукоўцаў, назапашаны стрэс ўплывае на здароўе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве - шкодзіць сардэчна-сасудзістай, нэрвовай і эндакрыннай сыстэмам і таму можа справакаваць зьяўленьне дэмэнцыі.
***
Пытаньне аб тым, наколькі здольная актыўная разумовая праца ўплываць на прадухіленьне пагрозы дэмэнцыі, вывучаецца даўно.
Дасьледаваньне, якое грунтавалася на 20-гадовым назіраньні за 300 людзьмі, выявіла, што ў тых, хто найбольш актыўна займаўся разумовай дзейнасьцю на працягу жыцьця, зьніжэньне кагнітыўных функцый адбываецца на 32% павольней. У тых, хто мала чытае, піша, атрымлівае і апрацоўвае недастаткова інфармацыі, дэмэнцыя разьвіваецца хутчэй. Пажылыя людзі, якія працуюць з вылічальнай тэхнікай, радзей пакутуюць ад дэмэнцыі - выкарыстаньне кампутараў станоўча адбіваецца на працы мазгоў, прымушае вывучаць нешта новае, прымаць рашэньні, узаемадзейнічаць са сьветам.
Вядома таксама, што разумовая праца можа ня толькі запавольваць разьвіцьцё дэмэнцыі, але і паляпшаць стан тых, хто ўжо сутыкнуўся зь ёй. Навучальная тэрапія, падчас якой неабходна вырашаць арыфмэтычныя задачы і пераказваць гісторыі, трэніруе памяць хворых і паляпшае якасьць жыцьця.
У той жа час часопіс Brain публікуе дадзеныя, якія ня гэтак абнадзейлівыя. Згодна з артыкулам, у якім праведзены аналіз некалькіх навуковых прац, нават пастаянная і бесьперапынная адукацыя ня ў стане абараніць чалавека ад нэйрадэгенэратыўных паталёгій напрыканцы жыцьця.
***
І зьніжэньне настрою, і лішняя вага, і недахоп разумовай дзейнасьці спрыяюць зьяўленьню дэмэнцыі, аднак, акрамя гэтых фактараў рызыкі, ёсьць і іншыя.
Празьмерна высокі або празьмерна зьніжаны ўзровень эстрагену ў крыві ў жанчын у пэрыяд постмэнопаўзы павялічвае рызыку ўзьнікненьня кагнітыўных расстройстваў. Спалучэньне дыябэту і высокага ўзроўню эстрагену яшчэ больш пагаршае сытуацыю. Прычына залежнасьці на дадзены момант ня выяўленая. Магчыма, справа ва ўплыве эстрагену і глюкозы на сасуды.
Таксама назіраецца сувязь паміж анэміяй і дэмэнцыяй. Людзі, у якіх выяўлены недахоп гемаглабіну ў крыві ў сталым узросьце, удвая часьцей сутыкаюцца з кагнітыўнымі засмучэньнямі. Верагодна, справа ў тым, што органы і тканкі людзей з анэміяй атрымліваюць менш кіслароду, і гэта адмоўна ўплывае на мазгі.
Большасьць відаў дэмэнцыі вылечыць немагчыма, аднак некаторыя меры здольныя запаволіць зьніжэньне разумовых здольнасьцяў чалавека. Акрамя прыёму лекавых прэпаратаў, якія ўплываюць на працу мазгоў і рэгуляцыю біяхімічных працэсаў, навукоўцы і лекары разглядаюць альтэрнатыўныя спосабы дапамогі пацыентам.
Адным з варыянтаў аказаньня псыхалягічнай падтрымкі хворым называюць рэмінісцэнтную тэрапію. Лічыцца, што тэрапія, падчас якой пажылыя людзі разважаюць пра мінулае, аднаўляюць ў памяці падзеі, пераасэнсоўваюць іх, падтрымлівае разумовую дзейнасьць, паляпшае настрой і ўплывае на паводзіны. Ароматэрапія (у прыватнасьці з выкарыстаньнем алею мэлісы) таксама спрыяе паляпшэньню псыхалягічнага стану людзей, здымае залішняе ўзбуджэньне, хоць стоадсоткавых доказаў гэтага пакуль няма. Працатэрапія і музычная тэрапія таксама ненадоўга могуць палепшыць стан і паводзіны людзей, якія пакутуюць ад дэмэнцыі.
эб