Logo Polskiego Radia
Print

Эпіскапат Польшчы ачоліў арцыбіскуп Гандэцкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.03.2014 15:30
  • Эпіскапат Польшчы.mp3
Ён замяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Юзэфа Міхаліка.
Erzbischof Stanislaw GądeckiErzbischof Stanislaw GądeckiPAP

На мінаючым тыдні польскія біскупы выбралі новага старшыню Эпіскапату Польшчы. Ім стаў арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі (Stanisław Gądecki).

Гэта быў маленькі польскі канклаў, - кажа прэс-сакратар Эпіскапату ксёндз Юзэф Клёх.

кс. Юзэф Клёх: Усіх кандыдатаў на гэтую пасаду было 43. Падчас другога галасаваньня абсалютную большасьць атрымаў арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі. Ён на гэта пагадзіўся й стаў старшынём Эпіскапату Польшчы.

Арцыбіскупу Станіславу Гандэцкаму 65 гадоў. Ён зьяўляецца Познаньскім мітрапалітам. Праца ў Эпіскапаце Польшчы для яго ня новая, паколькі цягам апошніх 10 гадоў ён быў намесьнікам старшыні гэтага касьцельнага воргана.

Сам арцыбіскуп абвясьціў, што сярод яго прыярытэтаў будуць бедныя й сям'я.

aрцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі: Калі гаворка ідзе пра мае прыярытэты, гэта, перш за ўсё, справы моладзі, сям’і, пытаньне пакліканьняў. Апрача таго, таксама пытаньне бедных, якое было настолькі моцна падкрэсьленае папам Францішкам. Я думаю, што гэта справы, ад якіх залежыць будучыня Касьцёла ў Польшчы.

- сказаў новы старшыня Эпіскапату Польшчы. Нагадаем, арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі замяніў на пасадзе старшыні Эпіскапату Польшчы арцыбіскупа Юзэфа Міхаліка.

аз

Выбраны новы старшыня Эпіскапату Нямеччыны

Кардынал Рэйнхард Маркс заменіць арцыбіскупа Робэрта Цоліча.

Эпіскапат Нямеччыны мае новага старшыню. Ім зьяўляецца кардынал Рэйнхард Маркс. 60-гадовы сьвятар згадваўся сярод фаварытаў.

Маркс з 2008 года зьяўляецца арцыбіскупам Мюнхэна. Чатыры гады таму Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго кардыналам.

Сьвятар уваходзіць у склад Рады кардыналаў – воргана, які выконвае дарадчыцкі характар пры Папе рымскім Францішку. На мінулым тыдні Рэйнхард Маркс стаў таксама каардынатарам Эканамічнай рады Ватыкана.

На пасадзе старшыні Эпіскапату Нямеччыны Рэйнхард Маркс заменіць арцыбіскупа Робэрта Цоліча, які не хадайнічаў за перавыбар з-за свайго ўзросту.

аз

Набліжаецца кананізацыя Папы-паляка

Бэнэдыкт XVI скараціў пэрыяд чаканьня кананізацыі й бэатыфікацыі свайго папярэдніка.

Кананізацыя Яна Паўла ІІ адбудзецца ў адпаведным часе, лічыць ініцыятар працэсу бэатыфікацыі Яна Паўла II.

Ксёндз Славамір Одэр перакананы, што Ватыкан шмат чаго зрабіў, каб скараціць шлях Папы-паляка да сьвятасьці.

На пахаваньні Яна Паўла ІІ вернікі ўзносілі воклічы „Santo Subito”, то бок яны заклікалі, каб прызнаць Папу сьвятым неадкладна. Хоць з гэтага часу да сёлетняй кананізацыі прайшло дзевяць гадоў, Ватыкан не забыўся пра тыя воклічы, - кажа ксёндз Одэр.

кс. Славамір Одэр: Заклік „ Santo Subito” магчыма быў бы прыняты адзінадушна Касьцёлам. Тым ня менш, увесь кананічны працэс, то бок падборка дакумэнтаў, размовы са сьведкамі, замацавалі гэтае патрабаваньне ў гісторыі. Цяпер яно ня зьнікне, а будзе захаванае на старонках гісторыі й канкрэтных дамумэнтаў.

Ксёндз Славамір Одэр нагадаў, што Бэнэдыкт XVI і так скараціў пэрыяд чаканьня кананізацыі й бэатыфікацыі свайго папярэдніка.

Паводле ватыканскіх правілаў, працэс бэатыфікацыі можа пачацца праз пяць гадоў пасьля сьмерці кандыдата на сьвятога. Аднак Бэнэдыкт XVI узяў пад увагу відавочныя прыкметы сьвятасьці Яна Паўла II, кажа ксёндз Одэр.

кс. Славамір Одэр: У выпадку Яна Паўла II гэтая сьвятасьць была амаль рэальнай. Гэта было бачна ў выглядзе сотняў тысячаў паломнікаў, якія прыехалі ў Ватыкан, калі ён паміраў, ці ўдзельнічалі ў пахаваньні. Папскае рашэньне пацьвердзіў таксама натоўп людзей, якія з часу пахаваньня па дзень бэатыфікацыі паломнічалі да магілы Яна Паўла II.

Урачыстая кананізацыя Яна Паўла II адбудзецца 27 красавіка ў Ватыкане. У той жа дзень сьвятым будзе абвешчаны таксама Папа Ян XXIII.

аз

Гадавіна абраньня Папы Францішка

З гэтай нагоды ў менскай архікатэдры адбылася Імша падзякі.

13 сакавіка адзначалася першая гадавіна абраньня кардынала Хорхэ Марыё Бэрголіо на Сьвяты пасад.

У гэты дзень у менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася сьвятая Імша падзякі.

Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.

catholic.by/аз




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт