Logo Polskiego Radia
Print

Украіне патрэбная дапамога

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.03.2014 15:30
  • Украіне патрэбная дапамога.mp3
Мы павінны аказаць украінцам сваю салідарнасьць ня толькі ў духоўным вымярэньні, кажуць прадстаўнікі Касьцёла.

Сутыкненьні на вуліцах Кіева закончыліся на мінулым тыдні. Краіна стараецца вярнуцца да нармальнага жыцьця, але гэта ня так проста, як бы здавалася. Цяпер перад украінцамі стаяць новыя праблемы ня толькі ў палітычным, але таксама ў эканамічным пляне.

Пацярпелыя ў выніку сутыкненьняў на Майдане ў Кіеве ды іншых гарадах Украіны надалей патрабуюць дапамогі. Тым часам мясцовыя ўлады ня маюць на гэта сродкаў.

Менавіта таму ў цэрквах і касьцёлах Заходняй Украіны праходзіць збор ахвяраваньняў з мэтай дапамогі параненым і пацярпелым, - кажа кіраўнік дабрачыннай хрысьціянскай арганізацыі „Caritas Spes” у Львове.

Грэка-каталіцкі сьвятар айцец Веслаў Дораш аб неабходных патрэбах паведаміў партнэрскую арганізацыю ў Польшчы.

Веслаў Дораш: Калі гаворка ідзе пра параненых на Майдане, то яны перш за ўсё патрабуюць лекаў. Гаворка ідзе таксама пра магчымасьць рэабілітацыі ці адпачынку для пацярпелых і іхных сем’яў. Напэўна, будзе патрэбная таксама дапамога ў перавозцы з Кіева дамоў ці ў мясцовыя шпіталі.

Сьвятар падкрэсьлівае, што патрабуючыя ня могуць спадзявацца на дапамогу мясцовых уладаў.

Веслаў Дораш: Горад не акажа дапамогі, паколькі на гэта ў гарадзкіх бюджэтах няма сродкаў, таму й зварот да ўсіх Касьцёлаў і Цэркваў у Заходняй Украіне з просьбай сабраць ахвяраваньні. Цяпер праходзіць распрацоўка спосабаў правядзеньня акцыі. Вядома, што рэлігійныя супольнасьці ня хочуць, каб сабранымі сродкамі распараджаліся чыноўнікі. Таму парафіі ды прыходы, дзе пражываюць пацярпелыя, будуць выдзяляць непасрэдную дапамогу самі.

Як кажа айцец Дораш, парафіяльныя абшчыны бяруць на сябе адказнасьць за разьмеркаваньне сродкаў і будуць выдзяляць дапамогу ў найбольш неабходным выглядзе.

Пасьля спыненьня сутыкненьняў узьнікла надзея на зьмену сытуацыі ва Ўкраіне. Тым ня менш, гэта ня клопат пра будучыню краіны, але смутак пасьля загінулых пераважае сярод жыхароў Заходняй Украіны, - кажа грэка-каталіцкі духоўны.

Веслаў Дораш: Надзея ёсьць. Тое, чаго Майдан дамогся, гэта сапраўды шмат. Тым ня менш, ёсьць таксама сум. У кожным раёне нейкія пахаваньні, нейкія праблемы. Ніхто не гаворыць пра палітыку, пра кандыдатаў на прэзыдэнта, пра тое, за каго галасаваць. Гэтага не пачуеш. Бачна, што людзі прыгнечаныя, сумныя. Гэта таксама цяжкая атмасфэра.

Тым ня менш, украінцы пачынаюць разумець, што ў іх таксама й іншыя праблемы, кажа айцец Веслаў Дораш.

Веслаў Дораш: Непакоіць таксама тое, што бюджэт дзяржавы пусты - гэта ўжо паводле афіцыйных вестак. Таму можна прадугледжваць праблемы з выплатай зарплатаў, пэнсіяў ці сацыяльнай дапамогі.

- кажа сьвятар.

У адказ на заклікі з Украіны дабрачынная арганізацыя „Caritas Polska” ўжо сабрала й перадала на пакупку лекаў і найбольш неабходнай дапамогі для пацярпелых на кіеўскім Майдане 150 тысяч злотых (50 тыс. даляраў ЗША).

Дапамога будзе разьмяркоўвацца за пасярэдніцтвам львоўскай „Caritas Spes”.

Кіраўнік „Caritas Polska” ксёндз Марыян Субоч кажа, што палякі выказваюць вялікае спачуваньне й салідарнасьць з ахвярамі Майдана. Дапамога Ўкраіне будзе неабходная, пакуль сытуацыя на месцы не палепшыцца.

Марыян Субоч: Мы памятаем ваеннае становішча ў Польшчы, калі мы таксама пакутавалі ад страху, бяды й няўпэўненасьці. Цяпер тое ж самае адбываецца ва Ўкраіне. Чалавек, які пакутуе, адчувае патрэбу ў блізкасьці другога чалавека. Мы аказваем гэтую блізкасьць па-рознаму: шляхам матэрыяльнай, але й духоўнай падтрымкі. Мы павінны паказаць украінцам, што ў гэтыя складаныя для іх часы мы зьяўляемся іх сябрамі, якія іх падтрымліваюць і будуць падтрымліваць надалей.

Ксёндз Марыян Субоч заклікаў працягваць дапамогу жыхаром Украіны, але таксама праяўляць клопат пра тых украінцаў, якія жывуць у Польшчы.

Марыян Субоч: Нашыя браты-ўкраінцы пражываюць таксама тут, у Польшчы. Стараймася размаўляць зь імі, пытацца, што адбываецца ва Ўкраіне. Гэта важна, каб мы ведалі, што там адбываецца. Гэта салідарнасьць, пра якую казаў калісьці ў Гданьску Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Трэба дапамагчы ўкраінцам несьці іхны цяжар, пад якім увесь украінскі народ угінаецца, няўпэўнены ў сваёй будучыні.

- кажа кіраўнік „Caritas Polska” ксёндз Марыян Субоч.

Апрача матэрыяльнай падтрымкі Касьцёлы й Цэрквы ў Польшчы арганізоўваюць малітвы за мір ва Ўкраіне. У каталіцкіх касьцёлах за Ўкраіну вернікі маліліся ў мінулую нядзелю.

Інфармацыю пра тое, як можна далучыцца да акцыі дапамогі ўкраінцам, можна знайсьці на сайце www.caritas.pl.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт