Пачварная «Мужнасьць»
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
04.02.2014 08:50
Манумэнт «Мужнасьць» з Берасьцейскай крэпасьці прызнаны адным з самых пачварных у сьвеце.
foto: Redakcja Białoruska PR
Амэрыканская кампанія CNN склала сьпіс самых выродлівых помнікаў сьвету. У яго ўвайшоў і манумэнт «Мужнасьць», які знаходзіцца ў Берасьцейскай крэпасьці.
Складальнікі сьпісу назвалі скульптуру «Раззлаваным беларусам, які зьяўляецца зь велізарнага бэтоннага блёка». Па іх словах, помнік «сымбалізуе сабой перамогу Савецкага Саюзу ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ён служыць напамінам ня зьвязвацца зь Беларусьсю — ніколі».
Акрамя знакамітай берасьцейскай «галавы» ў сьпіс трапілі такія помнікі, як «Размова з Оскарам Уайлдам» ў Лёндане, «Sam Hill's Stonehenge» ў Вашынгтоне, помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу Другому ў Рыме, і інш.
«Гэтая падборка сэнтыментальных памылак і занадта грузных твораў мастацтва можа паслужыць прыкладам безгустоўшчыны і перабору ў галіне крэатыву, хоць дыктатары і іх мастацкія камітэты ў свой час лічылі ўсё гэта выдатнай ідэяй», — паведамляе CNN.
Варта адзначыць, дадае «Наша Ніва», што першапачаткова архітэктар Кібільнікаў плянаваў зрабіць манумэнт ня большым за 7 мэтраў, але кіраўніцтву гэтага падалося мала, таму было вырашана павялічыць памеры да 36 мэтраў. Але і гэта ня ўсё. Пры канцы існаваньня СССР быў распрацаваны плян дабудовы за манумэнтам яшчэ большага бэтоннага блёку, каб павялічыць яго маштаб. Але з распадам СССР гэты гігантаманскі плян сарваўся.
Каб стварыць лепшы від на манумэнт, амаль да падмуркаў быў зьнесены былы ўніяцкі манастыр, г.зв. «Белы палац», які быў пашкоджаны ў часе вайны. Гэта павінна было падмацаваць мэтафару «Руіны страляюць», якой адзін з савецкіх пісьменьнікаў апісаў гераічную абарону крэпасьці.
nn.by/эб