Logo Polskiego Radia
Print

Будзільнік будзіць дзяцей у коме

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.12.2013 11:00
Кома – гэта жахлівая клетка. Памер пакутаў кагосьці ў коме, хто ня страціў сьвядомасьці, цяжка сабе ўявіць.

клініка Budzik. здымак www.bi.gazeta.pl

Выданьне Newsweek Polska піша пра клініку Budzik (Будзільнік), якая адкрылася ў ліпені гэтага году. У яе трапляюць дзеці ў коме, і праходзяць там вельмі інтэнсіўную рэабілітацыю. У клініцы “прачнулася” чацьвёртае дзіця, 13-гадовы Давід.

Будзільнік – гэта адзінае такое месца ў Польшчы. Яно было створана, каб даць надзею на здароўе дзецям, для якіх, здавалася б, няма надзеі. Бальшыня зь іх – гэта ахвяры дарожна-транспартных здарэньняў. Клінікі не было бы, калі б не агромная праца акторкі Эвы Блашчык. 13 гадоў таму яе 6-гадовая тады дачка ўдавілася таблеткай і страціла прытомнасьць. Рэанімацыя працягвалася каля 40 хвілін, але дзяўчынка ніколі не прыйшла ў сябе. Да гэтага часу знаходзіцца ў коме. Яшчэ ў шпіталі маме пачалі прапанаваць забраць Олю дахаты або шукаць месца ў хоспісе. Хоспіс атаесамліваецца са сьмерцю, а дома няма ўмоваў, каб трымаць цяжка хворае, але не паміраючае дзіця. Тады нарадзілася ідэя, каб стварыць месца, дзе могуць прабываць дзеці ў такім стане.

Заняткі ў клініцы так наладжаны, каб пацыенты ўвесь час былі нечым занятыя. Кожнае дзіця мае індывідуальныя заняткі – масаж, гідратэрапія, вертыкалізацыя. Раз у некалькі тыдняў у шпіталь прыяжджаюць тэрапэўты з сабакамі, дзеці праходзяць догатэрапію. Вельмі важна, каб пабуджаць розныя пачуцьці пацыента, выкaрыстоўваць розныя раздражняльнікі, паколькі невядома, якая частка мозгу была пашкоджана і што магло б вывесьці яго зь летаргіі.

Ёсьць пацыенты, якія знаходзяцца ў коме, але адчуваюць, яны сьвядомыя, толькі ня могуць паказаць гэтага сьвету. “Кома – гэта жахлівая клетка. Памер пакутаў кагосьці ў коме, хто ня страціў сьвядомасьці, цяжка сабе ўявіць. Чалавек знаходзіцца ў пастцы ўласнага цела, якое раптоўна перастае яго слухацца” – кажа Эва Блашчык. А Давід, які зусім нядаўна выйшаў з комы, хутка вяртаецца да здароўя. І марыць, каб быць ужо з бацькамі дома.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт