Матэматычна здольныя немаўляты
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
27.10.2013 07:07
Матэматычныя здольнасьці дзяцей можна вызначыць яшчэ ў маленстве.
Паводле дасьледаваньня, праведзенага навукоўцамі з унівэрсытэту Дзюка (ЗША), дзеці, якія яшчэ да вывучэньня лічбаў лёгка заўважаюць розьніцу паміж вялікай і малой групамі аб'ектаў, лепш засвойваюць лічбы і матэматычныя формулы ў будучыні.
Высьветлілася, што прыроджанае пачуцьцё ліку ў дзяцей прычыняецца да больш высокага ўзроўню разуменьня матэматыкі. На думку аўтараў, вынікі, апублікаваныя ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences ( PNAS ), могуць быць выкарыстаныя для распрацоўкі адмысловых формаў заняткаў з маленькімі дзецьмі, у якіх заўважаюцца праблемы ў вывучэньні матэматычных знакаў і паняткаў.
Як тлумачыць вядучы дасьледнік, прафэсар псыхалёгіі і нэйранавук Элізабэт Бренан (Elizabeth Brannon), дзеці нараджаюцца зь першапачатковым разуменьнем рахунку, гэтак званым прымітыўным пачуцьцём ліку. Калі зірнуць на дзьве групы аб'ектаў, гэтае прыроджанае пачуцьцё дазваляе без разумовага падліку вызначыць, які набор па колькасьці большы. Напрыклад, дзіця інстынктыўна разумее, што 15 клубніц - гэта больш, чым 6 апэльсінаў, проста зірнуўшы на гэтыя аб'екты.
Для таго каб высьветліць, ці могуць маленькія дзеці заўважаць колькасныя зьмены, навукоўцы абсьледавалі 48 паўгадовых немаўлятаў. Кожнае дзіця зьмяшчалі насупраць двух экранаў. Адзін зь іх заўсёды паказваў адну і тую ж колькасьць кропак (напрыклад, восем), мяняўся толькі іх памер і месцазнаходжаньне. На іншым экране па чарзе паказвалі дзьве розныя колькасьці кропак (напрыклад, 8 і 16). Немаўляты, якія бачылі розьніцу, глядзелі даўжэй на апошні экран.
Калі гэтым дзецям было па 3,5 года, дасьледнікі правялі новы экспэрымэнт: яны паказалі ім два розныя мноствы рэчаў і папрасілі паказаць тое, якое ім падавалася большым. Паддосьледныя таксама прайшлі стандартны тэст па матэматыцы для дашкольнікаў і адаптаваны для іх узросту тэст IQ. Акрамя таго, навукоўцы давалі дзецям простыя задачы для вызначэньня самага доўгага слова.
«Мы выявілі, што ў дзяцей, якія ў маленстве даўжэй глядзелі на экран зь непастаяннай лічбай кропак, праз тры гады выявілася лепш разьвітае пачуцьцё ліку ў параўнаньні зь дзецьмі з горшымі вынікамі матэматычных тэстаў», - паведаміла прафэсар Брэнан.
Паводле дасьледнікаў, высновы паказваюць на наяўнасьць аб'ектыўна існуючай сувязі паміж матэматыкай знакаў і здольнасьцю немаўлятаў адрозьніваць прадметы па іх колькасьці яшчэ да пачатку працэсу навучаньня, што сьведчыць аб існаваньні прыроджаных матэматычных здольнасьцяў.
эб/medportal.ru